"Палітыкі ў Беларусі няма": Сяргей Чэрачэнь — пра ўздзеянне санкцый на эканоміку

28/06/2021 - 15:49
Як пры рэпрэсіях выжывае партыйная апазіцыя? Як санкцыі паўплываюць на эканоміку Беларусі?

Ужо амаль год працягваюцца рэпрэсіі супраць апанентаў беларускага рэжыму. Любое выказванне грамадзянскай пазіцыі практычна гарантуе знаёмства з унутраным распарадкам беларускіх ізалятараў і турмаў.

Што ў гэтых умовах засталося ад партыйнай апазіцыі? Якія пагрозы для будучыні Беларусі нясуць санкцыі? На гэтыя і іншыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё адказвае старшыня партыі "Грамада" (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) Сяргей Чэрачэнь.

"Палітычнага жыцця ў Беларусі не было і няма"

— Ёсць пэўныя праблемы, але БСДГ не спыняе працу: у апошнія тыдні мы правялі сустрэчы ў Оршы і Магілёве, прынялі новых сябраў партыі. Ёсць апаскі і ціск, але мы асвятляем інфармацыю пра падзеі ў краіне. Гэта небяспечная справа, а як па-іншаму? Мы маем абавязацельствы перад выбаршчыкамі і наогул перад людзьмі, якія засталіся ў Беларусі.

Палітычнага поля ў Беларусі даўно ўжо няма. 2010 год — зачыстка, 2015-ы — спакой, 2020-ы — сур'ёзная зачыстка, але гэтага поля фактычна і не было. Ёсць арганізацыі, якія функцыянуюць, але іх няшмат. Ёсць людзі, якія спрабуюць пастаянна падымаць палітычны парадак дня, але іх яшчэ менш. І калі з пяці чалавек зачышчаюць двух — так, напэўна, гэта сур'ёзная зачыстка.

Па факце летась мы бачылі актыўнасць людзей за свае правы. Людзей пакрыўдзілі, ім здрадзілі, іх падманулі — і людзі выйшлі адстаяць свае правы. Але палітычнага парадку дня і жыцця як не было, так і няма. У людзей з'явіўся страх, я не бачу жадання займацца палітычнымі пытаннямі і ў доўгатэрміновай перспектыве працаваць у палітычным полі.

Як санкцыі паўплываюць на эканоміку Беларусі?

— Санкцыі прывядуць толькі да больш глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка яшчэ спрабуе процідзейнічаць Расіі па падпісанні 31-й дарожнай мапы. Але пад ціскам моцных санкцый Лукашэнка ўсё падпіша. І Расія возьме на сябе абавязацельствы па развіцці нашага рэгіёна не як партнёр, а як наглядчык. У нас будуць наднацыянальныя органы, адзіны падатковы орган і мытная прастора.

А суверэнітэт Беларусі — найвышэйшая каштоўнасць дзяржавы. У сектарах, дзе я працую, грошай няма наогул, заробак плаціць няма чым. Большасць людзей — наёмныя супрацоўнікі. Цяпер наймальнік яшчэ спрабуе хоць як-небудзь утрымаць сітуацыю. Але калі не будзе магчымасці плаціць супрацоўнікам, гэта закране кожнага беларуса.

Сацыяльная нагрузка на дзяржаву — $7,5 млрд у год. Прыкладныя страты ад сектаральных санкцый складуць $10 млрд. А гадавы ВУП — $50-60 млрд. Касавы разрыў для прадпрыемства сувымерны з банкруцтвам. Калі ў найбліжэйшыя два-тры месяцы не будзе ўліванняў, сітуацыя будзе сумная. І яна прымусіць Лукашэнку падпісаць 31-ю мапу.

Як будзе развівацца сітуацыя ў найбліжэйшыя паўгода?

— Хутчэй за ўсё, 31-я мапа будзе падпісаная і Беларусь паспяхова ўвойдзе ў склад Расіі.

Поўны запіс эфіру з Сяргеем Чэрачнем глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі