Палітвязень Кастусёў, хворы на рак, атрымаў кепскія вынікі аналізаў

17/04/2024 - 08:56

Рыгор Кастусёў 

17 красавіка былому старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву спаўняецца 67 гадоў. За кратамі ён сустракае ўжо свой чацвёрты дзень нараджэння. Ад пачатку 2024 года ён перабывае ў крытай турме ў Гродне.

За кратамі ў Кастусёва абвастрылася анкалагічная хвароба. Нядаўна палітвязню рабілі аналізы, і вынікі былі кепскімі.

"Яму рабілі аналіз крыві, дык паказнікі дрэнныя: у два разы павышаны бялок у крыві. Павялічаныя лімфавузлы. Таксама турбуе варыкоз на нагах", — расказвае у каментары Радыё "Свабода" ягоны зяць Дзмітрый Антончык.

На пачатку красавіка, як распавядала Еўрарадыё, сваякам Кастусёва стала вядома, што яму зрабілі аперацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра. Як кажа Антончык, аперацыя зняла небяспеку разрыву пузыра, але ўскладніла перабыванне палітвязня за кратамі.

У лістах да родных Кастусёў, па словах зяця, не любіць шмат пісаць пра здароўе, але працягвае пісаць вершы. Ён працытаваў адзін з вершаў:

"Вось прыслаў верш, прысвечаны сваёй роднай вёсцы Цяхцін: 
Не забываю тых мясцін,
Што мне даюць натхненне, сілы,
Пад рэдкай назваю Цяхцін,
Ад нараджэння родны, мілы..."

У апошніх радках верша Кастусёў фактычна пакідае тэстамэнт на выпадак смерці ў вязніцы:

...Пад шэры камень. Толькі той,
Што ўзяты з родных мне мясцінаў.
І невялікаю плітой,
Дзе бачна, хто каго пакінуў.

Цяхцін — вёска ў Бялыніцкім раёне Магілёўшчыны, дзе Рыгор Кастусёў нарадзіўся, вырас і пачаў працоўную дзейнасьць.

Рыгора Кастусёва затрымалі па справе аб "спробе перавароту" разам з юрыстам Юрасём Зянковічам і палітолагам Аляксандрам Фядутам. Па абвінавачанні ў "змове з мэтай захопу ўлады" палітыка асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі