Палітвязень Дзмітрый Кулакоў расказаў, як уцёк з "хіміі"

11/08/2021 - 09:52
Сям'я ўжо змагла выехаць да Дзмітрыя Кулакова / nashaniva.com​

Пераскочыў праз плот і пабег: так апісвае свае ўцёкі з "хіміі" палітвязень Дзмітрый Кулакоў.  Падрабязнасці ён расказаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве".

У снежні 2020-га Кулакова асудзілі на 3,5 года "хіміі". Кулакова прызналі вінаватым па двух артыкулах КК: "Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" і "Абраза прадстаўніка ўлады". Гаворка ішла пра паведамленне ў лакальнай групе. Адбываць пакаранне яго накіравалі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №49 у Шклове. У чэрвені ён праглынуў кавалак металічнай лыжкі — на знак пратэсту, што яго не пусцілі на спатканне з жонкай. А 19 ліпеня збег.

"Гэта быў як раз першы дзень, як я змяніў працу — перавёўся з грузчыка на слесара на камбікормавым заводзе ў Александрыі. За 15 хвілін да абедзеннага перапынку я сказаў, што трэба пайсці памыцца, бо рукі брудныя", — расказвае Дзмітрый.

Яшчэ ён сказаў, што ў абед хоча падрамаць. Але замест гэтага выкінуў сімку з тэлефона, "акуратна паглядзеў па баках, каб мяне ніхто не бачыў, пераскочыў праз плот і пабег".  

Адсутнасць Дзмітрыя заўважылі толькі праз паўтары гадзіны. Паўтара тыдня ён хаваўся ў Беларусі, а 31 ліпеня перайшоў мяжу ў Літву. Ішоў разам з яшчэ адным уцекачом.

"Мы перайшлі мяжу, зайшлі ў найбліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара, каб ён выклікаў памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх. Падумаў, раптам гэта грыбнікі заблукалі. Мы сказалі, што літоўскіх. Прыехалі памежнікі і забралі нас на заставу", — расказвае Кулакоў.

Кулакоў перайшоў беларуска-літоўскую мяжу 31 ліпеня / Reuters

На заставе ён правёў шэсць дзён. Прызнаецца, што быў здзіўлены колькасці мігрантаў з Афрыкі і Ірака. Яму з цяжкасцю знайшлі месца, не было матрацаў.

"Для літоўцаў дзіка — як спаць без матрацаў? Я жартую: хлорку не вылівайце, гімн ранкам не ўключайце — і добра. Мы дапамагалі памежнікам прадукты разгружаць, ложкі рамантаваць, мігрантаў размяшчаць", — расказвае Кулакоў.

Ён падаў прашэнне аб наданні яму статусу бежанца. Сям'я таксама змагла выехаць да яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі