Дроны, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at
Зранку 13 траўня расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па гарадах Украіны. Падчас яго былі зафіксаваныя залёты мінімум шасці дронаў на тэрыторыю Гомельскай вобласці. Пра гэта піша выданне "Флагшток" са спасылкай на ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Першы выпадак, як паведамляецца, зарэгістравалі каля 8:40 раніцы: адзін беспілотнік праз Любеч у Чарнігаўскай вобласці вылецеў у бок Брагіна. У 9:23 з'явілася паведамленне пра дрон (верагодна, той жа самы), які рухаўся праз Брагін у бок Хойнікаў.
Каля 10:00 у раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка манеўравалі адразу пяць беспілотнікаў. Пазней маніторынгавыя каналы паведамілі, што тры дроны накіроўваюцца курсам на Брагін, а два — на Хойнікі.
Далейшы лёс гэтых беспілотнікаў невядомы.
У Мінабароны Украіны кажуць, што расійскія войскі змянілі тактыку выкарыстання "шахедаў". Іх запускаюць уздоўж мяжы з Беларуссю на дыстанцыі прыкладна 5-10 км. Пры гэтым дроны ідуць амаль бесперапынным патокам і буйнымі групамі, каб перагрузіць украінскую СПА і павысіць шанцы прарвацца далей углыб Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут