Падатковая адказвае "дармаедам": плаці збор і не працуй!

16/01/2017 - 13:51

За час барацьбы з дармаедствам падаткавікі разаслалі больш за 250 тысяч квітанцый з патрабаваннем заплаціць збор. Аднак беларусы расставацца з грашыма не спяшаюцца. "Падатак на беспрацоўе" аплацілі каля 17 тысяч чалавек. Астатнія ці на ўсё забілі, ці апраўдаліся перад падатковай, ці яшчэ шукаюць падставы, каб не плаціць. 

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка дапамагае людзям высвятляць адносіны з падатковай інспекцыяй. Днямі ён склаў першы іск ў суд — жыхарка Рэчыцы ў 2015 годзе была цяжарная, і дактары не рэкамендавалі ёй працаваць, але падаткавікі ўсё роўна залічылі яе ў "дармаеды". 

Пра "дармаедаў", якія насамрэч дармаедамі не з'яўляюцца, Леанід Судаленка ведае ўсё:

* Самы тыповы прыклад "дармаеда", які насамрэч не дармаед: чалавек губляе працу і не можа знайсці новую. Прычым, гэта адбываецца супраць волі чалавека. Напрыклад, па дэкрэце №29 аб працоўных кантрактах, калі з тым ці іншым работнікам не працягваюць працоўныя адносіны. А па іншым дэкрэце [№3 "аб дармаедах". — Еўрарадыё] ён павінен заплаціць дзяржаве за тое, што не працуе. Таксама багата маладых спецыялістаў, якія не могуць уладкавацца, бо не маюць досведу працы. Вось ёсць дзяўчына, настаўніца. У яе было вольнае размеркаванне, бо навучалася за свой кошт. І не змагла ў 2015 годзе знайсці працу. Ёй прыйшоў "ліст шчасця"!

* Мы пачалі атрымліваць адказы на скаргі, якія падавалі ў падатковую напрыканцы 2016 года. Там чорным па белым напісана, што дэкрэт "аб дармаедах" не прымушае нікога працаваць. Ён прымушае кожнага, хто не працуе, браць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. То бок, плаці падатак і не працуй! Твая занятасць ці не занятасць іх не цікавіць.

* Ці можна падатковай даказаць, што чалавек аб'ектыўна не змог знайсці працу? У кожнага "дармаеда" свая гісторыя. Калі да мяне звяртаюцца, я заўжды задаю шмат пытанняў. Адна справа — калі чалавек не працуе пяць гадоў і не думае нават шукаць працу. Іншая — калі чалавек згубіў працу і не можа знайсці. Асабліва гэта тычыцца райцэнтраў. Былі скаргі з Рагачова, Добруша, Кармы, Калінкавіч, Акцябрскага... Як у тых Калінкавічах можна знайсці працу, калі ты яе згубіў? У Гомелі "Сейсматэхніка" 700 чалавек прымусіла перайсці на "аднаднеўку" — у тыдзень працаваць па чацвяргах. Да мяне прыйшоў чалавек, які не вытрымаў і сышоў адтуль, бо як на грошы, што атрымліваеш, працуючы чатыры дні за месяц, можна карміць сям'ю? Ён з'ехаў у Расію, перабіваўся там выпадковымі заробкамі. А цяпер павінен дзяржаве заплаціць. Толькі таму, што не можа тут знайсці працу

* Шмат хто кажа: стань на ўлік як беспрацоўны і не будзеш мець праблем з дэкрэтам "аб дармаедах". Але ў людзей няма матывацыі так рабіць. Прыехаць у цэнтр занятасці, губляць там час, выконваць працы, якія патрабуюць выконваць ад беспрацоўных — гэта каштуе нашмат больш, чым грошы, якія атрымліваюць беспрацоўныя. Да таго ж, няма гарантыі, што ты так знойдзеш працу. Ёсць прыклад: чалавек у 2015 годзе зарэгістраваўся як беспрацоўны. Цэнтр занятасці накіраваў яго на курсы кіроўцаў пагрузчыка. Ён за тры месяцы скончыў курсы, атрымаў пасведчанне. Яго знялі з уліку, але ж працай не забяспечылі. Самастойна ён таксама не змог уладкавацца. У выніку і яго абклалі зборам.

* Калі чалавеку няма чым плаціць, яго чакаюць пеня і суд, а далей — судовыя выканаўцы, забарона на выезд за мяжу, блакіроўка мабільнага тэлефона, а магчыма, і арышт, і грамадскія працы. Абароны ад гэтага дэкрэту няма. Але ёсць магчымасць прайсці ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, каб пасля звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі — напрыклад, у Камітэт ААН па правах чалавека — з індывідуальнай скаргай пра тое, што дзяржава прымяняе да чалавека прымусовую працу. Калі будзе добрае абгрунтаванне, ёсць усе шансы, што яе разгледзяць у Жэневе, і будзе выяўленае парушэнне правоў чалавека. Бо чалавека нельга прымушаць да працы. У скаргах, якія мы накіроўваем у падатковыя інспекцыі, мы кажам пра гэта.

* Я кожнаму раю бараніць свае правы. Ніколі не трэба спяшацца прызнаваць сваё паражэнне. За правы трэба змагацца, нават калі на гэта спатрэбіцца не адзін год.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі