Пад Дзятлавам жанчына хацела спаліць кватэру саперніцы, але памылілася адрасам

31/01/2023 - 08:22
Пажар даволі хутка патушылі, агонь заўважыла суседка / vk.com/uvdgrodno

Трагікамічная гісторыя адбылася ў вёсцы Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Мясцовая жыхарка вырашыла пакараць аднавяскоўку — ёй здалося, што тая спрабуе спакусіць яе мужчыну. Жанчына вылічыла, дзе жыве саперніца, і падпаліла ўваходныя дзверы ў яе кватэру.

Пажар даволі хутка выявілі і патушылі — агонь заўважыла суседка. Але гісторыяй зацікавілася міліцыя. Калі аператыўнікі прыйшлі да падазраванай, яна расказала пра свае матывы. "Праўда, аказалася, што жанчына памылілася адрасам і падпаліла не тыя дзверы. 46-гадовая пацярпелая ледзь ведала падазраваную", — расказалі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Высветлілася, што меркаваная саперніца жыла па іншым адрасе.

Тым не менш у дачыненні да падпальшчыцы завялі крымінальную справу па артыкуле "Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам". Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпелыя дзверы / vk.com/uvdgrodno

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі