"Няма ніякага прававога поля": Баграцоў пра партыю без Бабарыкі і прававы дэфолт

06/07/2021 - 16:14
Прававое поле ў Беларусі? / Еўрарадыё

Прысуд, вынесены 6 ліпеня экс-кандыдату ў прэзідэнты Віктару Бабарыку, стаў сведчаннем прававога калапсу, які замацаваўся ў краіне. Сябра штаба Бабарыкі і Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў мяркуе, што цяпер у Беларусі папросту няма ніякага прававога поля.

— Нават тыя змены ў заканадаўстве, якія цяпер прымаюць, прыводзяць да адваротнай сітуацыі, калі ўзровень самавольства павялічваецца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Максім. — З'яўляецца яшчэ больш магчымасцяў наўздагад, па кан'юнктуры, а не па законе прымаць тыя ці іншыя рашэнні, прыкрываючыся заканадаўствам. Гэта не вяршэнства права, гэта проста супрацьлеглае, калі ўсе законы выкарыстоўваюцца для прыкрыцця сваіх дзеянняў. Таму ні ў кога на гэты конт няма ніякіх ілюзій.

Перспектывы далейшай работы наяўных у Беларусі непраўладных партый вельмі цьмяныя. Аднак цалкам магчыма, што стварэнне партыі "Разам" — гэта першая цаглінка ў будаўніцтве прававой дзяржавы. Па словах Максіма Баграцова, спыняцца ніхто не збіраецца.

— І калі мы гаворым пра тое, што можна будзе рабіць з пункту гледжання партыйнага будаўніцтва, то фокус будзе ў першую чаргу на грамадзянскіх праектах, на дапамозе палітвязням і пацярпелым, — працягвае палітык. — Мы не робім партыю для таго, каб узяць сто актывістаў і потым яны апынуліся пад ударам таму, што рэпрэсіўная машына працягвае скошваць усё, што магчыма. Мы будзем працягваць дзейнасць.

2020 год мабілізаваў і палітызаваў велізарную колькасць людзей. І гэтыя людзі будуць працягваць рабіць усё, што магчыма, — для таго, каб у Беларусі ўсталявалася народаўладдзе і з'явілася абсалютная ўлада закона. Я абсалютна ўпэўнены, што гэты працэс не спыніцца і дні існавання рэжыму ў камфорце — як рэжым уяўляў сабе гэта раней — не вернуцца ніколі.

Даручэнне Лукашэнкі абмежаваць транзіт тавараў з Германіі, слаба кантраляваны паток мігрантаў на мяжы з Літвой і іншыя "контрсанкцыі" беларускага боку: ці значыць гэта, што цяперашні беларускі кіраўнік прыняў канчатковае рашэнне разарваць дыялог з Еўропай і пайсці ў бок Расіі? Максім Баграцоў раіць не спяшацца з высновамі.

— Пакуль ніякіх пазітыўных сігналаў няма. Але не варта карыстацца такімі катэгорыямі, як "назаўсёды", "да канца", "сто адсоткаў". Кан'юнктура мяняецца, і бягучая ўлада ўжо паказвала, што яна "трымае нос па ветры".

Але важна разумець, што ніхто цяпер не пойдзе на незразумелыя кампрамісы. Я думаю, што спробы падмануць усіх знешніх партнёраў і свой народ адначасова асуджаныя на няўдачу. Сёння Беларусь таксічная для ўсіх, у тым ліку і для сваіх грамадзян. Эміграцыя вырасце яшчэ больш, таму што як можна будаваць планы і гадаваць дзяцей у краіне, у якой адбываецца такое самавольства?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі