"Ну як я магу не хадзіць у лес?" Рэпартаж пра браканьерства у Чарнобыльскай зоне

28/07/2017 - 06:46

"Пайшоў, набраў жменю лісічак. Колькі там гэтай радыяцыі!"

 

"Ну як я магу не пайсці ў лес, калі ён так блізка? ― абураецца першы чалавек, якога сустракаем у радыялагічным запаведніку. ― Пайшоў, вунь, набраў якую жменю лісічак, а яны мне штраф паўтара мільёна. Гэта не па-чалавечы. Хто іх саджаў, што я не магу іх збіраць!? Я ем усё, што дае зямля, хаджу на УГД, і ўсё нармальна. Вядома, гэта добра, калі лес да "калючкі" зноў аддадуць людзям, колькі там гэтай радыяцыі".

Грыбнік апынуўся гаспадаром мудрагелістага дома. Тэрыторыю вакол яго жылля ўпрыгожваюць драўляныя фігуркі лясных жывёл і карабель з чалавекам, які нагадвае чыноўніка. Фігуркі рабіў яго сын, ён з'ехаў працаваць у Германію. На просьбу прадставіцца аматар грыбоў адказаў ветлівай адмовай, а потым і зусім паспяшаўся схавацца з вачэй.

Мясцовы грыбнік, які пажадаў схаваць твар, вёска Кіраў

У некаторых прама за агародам ― радыеактыўны лес

 

Вёска Кіраў Нараўлянскага раёна шчыльна прымыкае да запаведніка. У некаторых жыхароў прама за агародам ― радыеактыўны лес. Дарога з вёскі вядзе далей у запаведнік, ніякага КПП тут няма, можна праехаць на машыне. Лес чарнічны, вільготны, у сезон павінна быць шмат ягад і грыбоў. Калі забыцца пра небяспеку, то рука сама цягнецца што-небудзь сарваць. Людзей з вёскі не высялялі, яны жывуць тут усё жыццё, радыяцыі не баяцца. Гэтым людзям незразумела, як можна забараняць хадзіць у лес.

"Лісічка ж прадаецца, нарыхтоўка ідзе"

 

Леснікі з заказніка таксама ў асноўным з мясцовых, некаторыя ― з адселеных вёсак унутры зоны, для іх гэта магчымасць працаваць у родных мясцінах. Таму яны вельмі добра разумеюць "вясковых браканьераў". Мікалаю 43 гады і 21 з іх ён працуе ў запаведніку. Як у памочніка ляснічага, і ў яго абавязкі ўваходзіць дакладваць аб парушальніках, але яму гэта не па душы:

"Жывуць мясцовыя людзі, такія ж як я. У іх літаральна за агародамі знакі. Лісічка ж прадаецца, нарыхтоўка ідзе. Гэта ж грошы. Людзі тут выраслі, гэта ўсё іх месцы. А тут прыехалі, далі дыхту, сказалі не хадзіць. Ну, будзе ісці бабка з тым кашэлікам. Не по-людску яе караць, а па законе трэба. А ёй ужо 80 гадоў. Ну, узяла яна таго грыба, што ёй ужо будзе? Вось літаральна сёння нейкія двое ехалі па лесе, а тут памежнікі. І ўсё, арыштавалі".

Браканьеры і марадзёры былі ў зоне заўсёды. Мясцовыя жыхары з'язджалі з пустымі рукамі, разлічваючы, што ў хуткім часе вернуцца. Уся тэхніка, асабістыя рэчы, так і засталіся на сваіх месцах. Ненадоўга. У першыя гады пасля аварыі, нягледзячы на высокія дозы радыяцыі, назапашаная гадамі маёмасць вывозілася з зоны грузавікамі. Мясцовыя кажуць, што камісіёнкі тады раслі як грыбы, многае ішло на Мінск. Першай хваляй знесла тэхніку, другой ― мэблю. Цяпер, калі нічога каштоўнага ў дамах не засталося, выносяць драўляныя падлогі, метал і нават растопачны брыкет.

 

Пакінутая хата ў весцы Белая Сарока на мяжы з Украінай. Дзіцячы фатэлік - адзіная мэбля, якую пакінулі марадзеры.

Сям'я Багданавых пакінула свой дом у вёсцы Белая Сарока адразу пасля аварыі. Пакідаць родныя мясціны было цяжка. Кожны год на Радаўніцу яны ўсёй сям'ёй прыязджаюць адведаць радавое гняздо. У мінулым годзе перад домам стаяў яшчэ моцны плот, у гэтым годзе ён упаў, таму што металічныя апоры кудысьці зніклі.

 

Былы дом Багданавых ў весцы Белая Сарока. Плот раней выходзіў на вясковую вуліцу, зараз там лес.

Браканьеры сыходзяць глыбока ў зону, каб збіраць рогі аленяў і ласёў ці павудзіць рыбу

 

Валерый Дамброўскі ― старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай заалогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах і вядучы навуковы супрацоўнік экалогіі і фауны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Вучоны наведвае зону ўжо 24 гады. Цяпер Валерый працуе вахтавым метадам: каля двух тыдняў у месяц праводзіць у запаведніку, астатні час ― у Мінску. Ён праводзіць адразу некалькі навуковых даследаванняў у запаведніку і з дапамогай фотапастак на міграцыйных сцежках жывёл вызначае іх колькасць і відавы склад.

Аднак на здымках трапляюцца не толькі дзікія звяры. У навукоўца ўжо сабралася невялікая калекцыя партрэтаў парушальнікаў, якія ён перадае супрацоўнікам аховы запаведніка. Калі б Валерый паставіў некалькі пастак недалёка ад вёсак на мяжы запаведніка, яго ўлоў быў бы багацейшым. А так, гэта ў асноўным браканьеры, якія сыходзяць глыбока ў зону, каб збіраць рогі аленяў і ласёў ці павудзіць рыбу. На КПП мне сказалі, што за кілаграм рагоў можна атрымаць да 20 долараў. Прыкладная колькасць ласёў у запаведніку 2000. Кожны год палова з іх скідвае рогі. Лічыце...

 

Навуковец Валеры Дамброўскі мяняе картку і батарэйкі ў фотапастцы на мяжы 30-кіламетровай зоны

Небяспека ў тым, што менавіта ў рагах і касьцях лепш за ўсё назапашваецца радыеактыўны стронцый. Скупкай рагоў займаюцца пасярэднікі кітайскіх фармацэўтычных кампаній. Па словах працаўнікоў запаведніка, у Хойніках на прыпынках вісяць аб'явы, якія прапануюць дорага купіць рогі. Раёны, прылеглыя да зоны адсялення, адны з самых бедных у Гомельскай вобласці. Сярэдні заробак за красавік у Хойніцкім раёне ― 519,5 рублёў. Браканьераў не спыняюць нават высокія штрафы. Пакаранне за незаконнае пранікненне на тэрыторыю запаведніка можа перавысіць месячны заробак, а калі злавілі на месцы злачынства, да яго дадаецца пакрыццё шкоды ў трохкратным або пяцікратным памеры.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, мапа забруджвання стронцыем. Мяжа наўпрост падыходзіць да Нароўлі.

Можна ісці праз калгаснае поле, а праз сто метраў апынуцца ў зоне

 

Разам з Валерыем Дамброўскім мы правялі ў запаведніку два дні. Мы ездзілі па Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах, каб памяняць карткі ў фотапастках, па спадарожнікавым трекінгу шукалі логава ваўчынай зграі. За першы дзень тэлефон налічыў 22 тысячы крокаў, хоць асноўная частка перасоўванняў была на машыне, і ў агульнай складанасці мы праехалі па запаведніку каля 200 км. За ўвесь гэты час мы сустрэлі толькі пажарную машыну і брыгаду леснікоў. І тых, і іншых можна было абмінуць, таму што набліжэнне машыны выдатна чутнае за некалькі сотняў метраў. І ніхто не перашкаджаў бы сысці з дарогі і застацца незаўважаным. Калі ўявіць сабе велізарную плошчу запаведніка ― больш чым 215 тысяч гектараў ― і 25 чалавек інспектараў аховы, якія патрулююць яго на машынах, то гэта не здаецца дзіўным.

Зручных месцаў, каб патрапіць на тэрыторыю запаведніка, хапае. У Нароўлі запаведнік падыходзіць шчыльна да горада. Можна ісці праз калгаснае поле, а праз сто метраў апынуцца ў зоне. Частка мяжы запаведніка праходзіць па трасе Р-37, якая вядзе з Нароўлі ў пункт памежнага пропуску Аляксандраўка. Па адзін бок дарогі звычайны лес, а па другі ― ужо запаведны. На выгляд іх нічога не адрознівае, знакі радыяцыйнай небяспекі стаяць толькі на з'ездах з дарогі. Калючым дротам аддзеленая толькі 30-кіламетровая зона, але і ў ёй поўна прарываў.

Траса Р-37 паміж Нароўляй і Аляксандраўкай. Злева звычайны лес, а зправа запаведны.

Валерый Дамброўскі добра памятае, як ён прыехаў у зону ўпершыню ў 1993 годзе:

"Нам тады ні намётаў, нічога не далі, сказалі: едзьце, вывучайце міграцыю. Мы выйшлі з рэйсавага аўтобуса, а вакол цемра, нічога не відаць, пераначавалі неяк каля насоснай. Раніцай знайшлі закінутую вёску Піркі, а ў ёй адзіную бабку-самасёлку. Мы жылі ў яе тры дні, і аказалася, што ў яе доме перавалачны пункт зборшчыкаў грыбоў. Мужыкі да яе цягнуць мяхі лісічак! У нас быў дазіметр, і мы проста паклалі яго побач, так ён зашкальваў дзіка. Мы ім кажам, што нават стаяць побач з гэтым мяшком небяспечна. Куды вы іх падзенеце? А нам у адказ, што ўсё прымаюць са свістам, іх неяк вымочваюць, выпарваюць і ўсё ў Францыю ідзе".

Літаральна ўчора Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №259 аб скасаванні ахоўнай зоны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Але хутчэй за ўсе гэта толькі першае скарачэнне. Праз некаторы час плануецца адрэзаць частку тэрыторыі і ўцягнуць яе... у гаспадарчы абарот. Мясцовым жыхарам пакуль ніхто не распавёў, што гэта будзе значыць. Ці прыбяруць КПП да 30-кіламетровай зоны, ці здымуць надбаўкі работнікам запаведніка і лясніцтваў, якія ўваходзяць у яго склад, бо зямля пасля ўказа аўтаматычна стане чыстай і працаваць на ёй ужо не будзе шкодна. Так, хутчэй за ўсё, дэпартамент аховы перастане лавіць грыбнікоў. Але ці стануць чысцейшымі ад указа ягады і грыбы?

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі