Ніжняя палата Кангрэса ўхваліла выдзяленне сродкаў на дапамогу лётчыкам Украіны

15/07/2022 - 09:24

Ніжняя палата амерыканскага Кангрэса прыняла законапраект, які, сярод іншага, прадугледжвае вылучэнне вайсковай дапамогі Украіне. Гаворка пра 100 млн даляраў, прызначаных на дапамогу ўкраінскім ваенным лётчыкам, піша New York Times.

Ініцыятары гэтага законапраекта — чальцы палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Адам Кінзінгер і прадстаўніца дэмакратычнай партыі Крысі Хулахан. Абое служылі ў ВПС. Яны прапануюць даць магчымасць ваенным лётчыкам з Украіны прайсці навучанне на самалётах NATO, каб у будучыні яны змаглі перасесці на амерыканскія знішчальнікі чацвёртага пакалення F-16.

На думку сенатара, незалежна ад таго, ці будуць знішчальнікі пастаўленыя ва Украіну, сама магчымасць прайсці праграму навучання ўмацуе ўкраінскія ВПС.

"Гэты законапраект дазволіць Злучаным Штатам пачаць навучанне ўкраінскіх пілотаў і чальцоў экіпажа на F-15, F-16 і іншых паветраных платформах, у той час як адміністрацыя працягвае разглядаць пытанне аб адпраўцы такога абсталявання", — тлумачыў Кізінгер.

У цэлым жа законапраект аб ваеннай палітыцы, які абмяркоўваецца, прадугледжвае выдзяленне 840 мільярдаў даляраў на розныя вайсковыя патрэбы, піша The New York Times. Закон, сярод іншага, прадугледжвае павышэнне заробкаў вайскоўцам. Тое, што ніжняя палата Кангрэса яго ўхваліла, сведчыць, што абедзве партыі салідарныя ў неабходнасці выдаткоўваць значныя сродкі на абарону ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі, робяць выснову журналісты амерыканскага выдання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі