Некаторым ІП прапануюць перайсці ў разрад самазанятых

08/10/2021 - 06:27
Адзіны падатак для самазанятых захаваецца яшчэ год, затым будзе ўведзены падатак на прафесійны даход / pixabay.com

Некаторым індывідуальным прадпрымальнікам, якія не маюць наёмных работнікаў, прапануюць перайсці ў разрад самазанятых, паведамляе БелТА са спасылкай на міністэрства фінансаў. Гэта прапанова стане актуальна пасля зацвярджэння зменаў у Падатковы кодэкс.

У Мінфіне распавялі, што на 1 студзеня 2021 года ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі працавалі каля 270 тысяч чалавек. Пры гэтым каля 84% з іх не маюць наёмных работнікаў, "гэта значыць, па сваёй сутнасці, яны з'яўляюцца самазанятымі". Пры гэтым такія ІП таксама павінны весці ўлік, самастойна разлічваць падаткі, плаціць унёскі ў ФСАН, а таксама ў шэрагу выпадкаў — мець касавае абсталяванне.

"Згодна з выпрацаванай канцэпцыі прапануецца пашырыць кола самазанятых і значна спрасціць адміністраванне іх дзейнасці, што дазволіць асобам, якія працуюць цяпер у статусе ІП, перайсці ў іншую катэгорыю", — распавялі ў мінфіне.

Перайсці ў самазанятыя змогуць тыя ІП, хто ў цяперашні час заняты такімі відамі дзейнасці, як ландшафтнае праектаванне, кур'ерская дзейнасць, чыстка салонаў транспартных сродкаў, догляд за магілкамі, арэнда, пракат забаўляльнага і спартыўнага абсталявання. Новы пералік відаў дзейнасці павінен стаць актуальным ужо з 2022 года. У гэтым выпадку захаваецца магчымасць выплаты адзінага падатку.

Новы падатак для самазанятасці

Але такі падатковы рэжым захаваецца толькі год. З 2023 года для самазанятых плануюць таксама ўсталяваць падатак у працэнтах ад атрыманых даходаў. Яго назвалі падатак на прафесійны даход (НПД).

Ён будзе складаць 10% ад выручкі пры працы з фізічнымі асобамі, а таксама юрыдычнымі асобамі-нерэзідэнтамі. Пры працы з арганізацыямі-рэзідэнтамі стаўка ў памеры 10% будзе прымяняцца пры суме выручкі да 60 тысяч рублёў. Калі даходы будуць вышэй, то стаўка падатку вырасце да 20%.

Плаціць гэты падатак трэба будзе штомесяц, але падаваць дэкларацыю пры гэтым будзе не трэба. Акрамя таго, не трэба будзе рабіць адлічэнні і ў ФСАН — "стаўка НПД будзе ўключаць у сябе адлічэнні на сацыяльнае страхаванне", растлумачылі ў Мінфіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі