Не закаталі ў асфальт: як жыхарам вёскі тры гады рамонт дарогі абяцалі

14/10/2020 - 09:19
Плакат на дарозе да вёскі Бярозавая Гара / Еўрарадыё

Бярозавая Гара — вёсачка за 20 кіламетраў ад Мінска. Нягледзячы на такую блізкасць да сталіцы, жыхары ўжо доўгі час скардзяцца ўладам на адсутнасць нармальнай асфальтаванай дарогі: пад'езд да населенага пункта ўяўляе з сябе пясчаны насып.

Некалькі гадоў таму скаргі бярозавагорцаў, здавалася б, былі пачутыя: кіраўніцтва "Мінскаблдарбуда" паведаміла, што "рамонт пад'езда да вёскі Бярозавая Гара ў плане ўладкавання на ім асфальтабетоннага пакрыцця" ўключаны ў Дзяржаўную праграму па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017–2020 гады.

У наступным лісце жыхарам вёскі сказалі дакладны год заканчэння работ — 2020-ы.

Калі 2020-ы год наступіў, бярозавагорцам паведамілі, што работы правядуць у III квартале гэтага года.

Ну а крыху пазней — больш дакладны тэрмін: з 15 да 30 верасня.

На календары 14 кастрычніка, значыць, сваю дарогу жыхары Бярозавай Гары павінны былі атрымаць ужо два тыдні таму. Аднак асфальтабетоннага пакрыцця ўсё яшчэ не відаць. Што ж пайшло не так?

У адказе на іх чарговы напамін бярозавагорцам растлумачылі, што рамонт планаваўся за кошт сабраных сродкаў за аплату дарожнага збору. Аднак сродкаў паступіла менш, чым планавалася, таму рамонту не будзе.

"Гэтая акалічнасць у цяперашні час не дазваляе правесці аплату асноўных матэрыялаў і выканаць запланаваныя работы", — гаворыцца ў адказе за подпісам гендырэктара "Мінскаблдарбуда" Дзяніса Сцяпанава.

Тым часам дарожнікі нагадваюць, што стан гэтай дарогі адпавядае патрабаванням бяспекі дарожнага руху. Незавуаляваны намёк: карыстайцеся тым, што ёсць.

Ну а самі жыхары вёскі адрэагавалі на сітуацыю наступным чынам: на ўездзе ў населены пункт з'явіўся транспарант "Лука прамяняў дарогу на бронекамізэлькі!". Рэдакцыя Еўрарадыё губляецца ў здагадках, што гэты надпіс можа азначаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі