"Не стаяла дата па накладной — лічы, што ехала без дакументаў"

23/06/2016 - 05:08

22 чэрвеня ў Гомелі пахавалі прадпрымальніцу, якая выкінулася з восьмага паверха. Напярэдадні ў жанчыны затрымалі 85 адзінак тавару з-за таго, што ў дакументах не была пазначаная дата разгрузкі. У дзень пахавання прадпрымальніца мусіла паўстаць перад судом.


Ці "лёгка" патрапіць у лік парушальнікаў, мы спыталі ў мінскіх індывідуальных прадпрымальніц.


"Не стаяла дата па накладной — лічы, што ехала без дакументаў. Любая замарочка ў дакументах прыраўноўваецца да таго, што ты працуеш без дакументаў увогуле, — кажа Яўгенія, яна гандлюе ў сталічным ГЦ "Зеркало". — У нас дык яны робяць звычайна кантрольную закупку — выбіты рахунак ці не, з гэтага ўсё пачынаецца. Але справа ў тым, што прычапіцца могуць да чаго заўгодна: дата не пастаўленая, подпісу нейкага няма, недзе не пазначаны спосаб пагрузкі тавару. Там столькі нюансаў! Уся дакументацыя ідзе як для фірм, а не для дробных ІП, якімі мы з'яўляемся. Калі ў прадпрымальніка пяць кропак, ён возьме бухгалтара. Магчыма, той зробіць усё, як мае быць, і тое, пад пытаннем. А калі адна кропка і ён з яе жыве — нерэальна".


Прадпрымальніцы шакаваныя смерцю калегі:


"Ну як так, 85 адзінак тавару. Дапусцім, закупка па 30 долараў. Дзве з паловай тысячы. Ну гэта сума", — спачувае Яўгенія. Сама яна раней гандлявала разам з дачкой. Цяпер адна:


"Вось, я прадала сукенку, закупку я ўжо не лічу, ёсць нейкія грошы ў кішэні, ёсць за што паесці. Цяпер я разглядаю сваю працу, як заробак, пра развіццё бізнесу няма гаворкі".


У гандлёвых цэнтрах "БІГЗ", "Зеркало" і "Уручча", дзе працуюць нашы суразмоўцы, ціха. Усе чакаюць 1 ліпеня, калі заканчваецца мараторый на праверкі па Указе №222. Мараторый уведзены, каб прадпрымальнікі маглі прыстасавацца да сертыфікатаў. Хаця, як бачым, праверкі ўсё ж маюць месца, але носяць "кропкавы" характар.


Па словах Яўгеніі, калі пачнуцца масавыя праверкі і канфіскацыі, яна не выйдзе на працу. Маўляў, прасцей сядзець дома, бо штраф плаціць проста няма чым.


Па звестках Еўрарадыё, у апошнія месяцы не было праверак у "Імпульсе" і "БІГЗе".


"Усе мае знаёмыя і суседзі па гандлі працуюць па дакументах. Ды цяпер ва ўсіх кантралюючых органаў — адзіная камп'ютарная сістэма, — тлумачыць Валянціна з "Імпульса". — Так што, лёгка адсачыць, хто з іпэшнікаў не плаціць увазны НДС або не робіць сертыфікаты".


Праўда, са словаў прадпрымальніц, "зацішша" не распаўсюджваецца на рынак "Ждановічы","Лябяжы" і адкрыты рынак на "Экспабеле". Ходзяць чуткі, што там праводзяць актыўныя праверкі падаткавікі.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі