“Не колеры вінаватыя”: ахвяры генацыду як ідэалагічная зброя супраць БЧБ

27/10/2021 - 13:19

Генпракуратура Беларусі апошнім часам актывізавалася ў пошуках месцаў масавых пахаванняў часоў ВАВ. У той жа час улады праводзяць кампанію па дыскрэдытацыі беларускай нацыянальный гістарычнай сімволікі, згадваючы яе толькі ў сувязі з калабарантамі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі.

Ці не суадносяцца неяк гэтыя рэчы — распачатая Генпракуратурай крымінальная справа па генацыдзе, пошук месцаў пахаванняў ахвяраў нацызму і закляйменне сучаснага нацыянальнага руху?

— Нейкія гістарычныя моманты спрабуюць зрабіць ідэалагічнай зброяй у сучасных спрэчках грамадства, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё гісторык Ігар Мельнікаў. — Што тычыцца таго, хто пахаваны і дзе пахаваны, то мне падаецца, што ні ў аднаго боку зараз без адкрытых архіваў не атрымаецца даказаць, што гэта ахвяры, напрыклад, нацысцкіх акупантаў ці гэта ахвяры НКУС.

— Я думаю, што на гэтых камянях, якія будуць стаяць на брацкіх пахаваннях, не будуць з’яўляцца надпісы аб тым, што гэта ахвяры калабарантаў, якія супрацоўнічалі з нацыстамі. Не дойдзе да гэтага. Гэта будзе проста злачынства перад гісторыяй і перад грамадствам, — упэўнены Ігар Мельнікаў. — Разам з тым ідэолагі і журналісты могуць паспекуляваць на гэтым. Але спекулююць два бакі, на вялікі жаль. І я спадзяюся, што гэтая справа — для гісторыкаў, калі сапраўды будуць адкрытыя архівы.

Дэпутат Лілія Ананіч, якая прысутнічала на месцы раскопак могільніка ва Уруччы, паведаміла журналістам пра тое, што ўжо рыхтуецца закон, які асуджае і прызнае генацыд беларускага народа. Пэўна, маецца на ўвазе толькі перыяд нацысцкіх рэпрэсій на Беларусі. А што наконт катаванняў беларусаў, якія загінулі ад рук НКУС? Атрымліваецца, што генацыд быў толькі з боку нямецкіх акупантаў?

— Я лічу, што Другая сусветная вайна — гэта час, калі забівалі ўсе народы, якія жылі на тэрыторыі Беларусі. Беларусы і прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў сталі ахвярамі жорсткіх таталітарных сістэм, — кажа гісторык. — Кантэкст Другой сусветнай вайны патрабуе больш глыбокага даследавання і разумення праз беларускае грамадства. Нельга замоўчваць злачынствы сталінскай сістэмы ніякім чынам. Тое, што зараз паспрабавалі зрабіць у падручніках, — я думаю, гэта часовая з’ява.

Трэба ўвесці беларускі кантэкст гэтай трагедыі. Расказаць, што гэта не проста сталінскія злачынствы супраць савецкага народа, а беларусы моцна пацярпелі таксама. Разам з тым падзеі нацысцкай акупацыі Беларусі — гэта момант, пра які ў савецкі час расказвалі вельмі шмат, але ўсё роўна не ўсё расказалі.

Плакат і кветкі на месцы памяці ў Курапатах / Еўрарадыё

— Калі браць Калдычаўскі лагер смерці, то ахоўнікамі там былі беларусы-паліцаі, якія мелі шчыткі нацыянальных колераў, — працягвае Ігар Мельнікаў. — Толькі не колеры ў гэтым вінаватыя, а ўблюдкі, якія там служылі і здейснілі гэтыя злачынствы. Гэты момант досыць важны, таму што трэба расказаць пра злачынцаў, а не прыцягваць сюды штучна сімволіку. Мы ведаем, з чым звязаны гэты момант з сімволікай: ён звязаны з падзеямі восені 2020 года. Я лічу, што сімволіка таксама незаслужана пацярпела не толькі з боку ўладаў, але і з боку некаторых таварышаў, якія да сённяшніх дзён не ведаюць яе гісторыю. Гэта вялікая праблема, вялікая трагедыя. Таму што мову, культуру і традыцыі нельга забіраць у народа і падстаўляць пад удар.

Чым пагражае грамадству такая перманентная перафарбоўка гісторыі?

— Я лічу, што сёння беларускае грамадства і беларускія ўлады з’яўляюцца закладнікамі вялікай гульні Масквы. Масква з 2014 года паспрабавала зрабіць бліцкрыг у адносінах да Беларусі, зразумеўшы, што калі яна будзе супрацьпастаўляць сябе нацыянальнаму ў Беларусі, то яна можа прайграць — беларусы могуць проста мабілізавацца, і неважна, пад якім сцягам, сімволікай і уладай, але вакол Беларусі. Ім трэба было зрабіць менавіта раскол у беларускім грамадстве на падставе колераў, ідэалогіі і гісторыі. Зрабіць акцэнт на адным і падзяліць гісторыю на слушную і няслушную.

На вялікі жаль, сёння мы апынуліся ў той сітуацыі, калі нашай гісторыяй маніпулюе гэты вялікі сусед з Усходу. Нам падкідваюць факты пра кепскую Польшчу, пра акупацыю крэсаў, робячы акцэнт на тым, на чым ён не рабіўся нават у савецкай гістарыяграфіі, — падсумоўвае Ігар Мельнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі