Жыхар Прагі пратэстуе супраць уварвання савецкіх войскаў у Чэхаславакію, 21 жніўня 1968 года / facebook
Прэм'еры Чэхіі і Славакіі — Пётр Фіяла і Эдуард Хегер — выступілі са зваротамі ў дзень 54-й гадавіны ўводу расійскіх танкаў у Чэхаславакію і заклікалі свет працягваць падтрымліваць Украіну.
"Падтрымліваючы Украіну, мы таксама падтрымліваем уласную бяспеку. Мы не хочам, каб Расія была нашым суседам", — заявіў Хегер. "Не будзем забываць гісторыю, а будзем вучыцца з яе, каб яна ніколі зноў не паўтарылася", — дадаў Фіяла.
21 жніўня 1968 года Чэхаславакія была акупаваная войскамі Варшаўскай дамовы, што стала канцом рэформаў Пражскай вясны і чэхаславацкай надзеі на волю. Найбольш буйны кантынгент войскаў, 170 000 вайскоўцаў, быў выдзелены ад СССР.
Пражская вясна звязана з абраннем першым сакратаром ЦК КПЧ Аляксандра Дубчака і яго рэформамі, накіраванымі на пашырэнне правоў і свабод грамадзян і дэцэнтралізацыю ўлады ў краіне. Дзеянні Дубчака не задавальнялі савецкае кіраўніцтва, якое баялася, што правядзенне чэхаславацкімі камуністамі незалежнай ад Масквы ўнутранай палітыкі прывядзе да страты кантролю над Чэхаславакіяй і расколу ўсходнееўрапейскага сацыялістычнага блока.
"Для грамадзян Чэхаславакіі гэта быў дзень здрады і страчаных надзей, якія сведкі таго часу ніколі не змогуць сцерці са сваёй памяці", — падкрэсліў Эдуард Хегер.
Прэм'еры Чэхіі і Славакіі адзначылі, што нягледзячы на тое, што ўжо амаль 30 гадоў іх краіны жывуць асобна, іх "аб'ядноўвае агульная гісторыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут