У Беларусі хочуць забараніць штучныя кветкі / chatgpt.com
Навіна ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пра магчымую забарону на вытворчасць і продаж штучных кветак у Беларусі выклікала бурную дыскусію ў сацсетках. Адны называюць ініцыятыву даўно наспелым экалагічным рашэннем і нагадваюць пра шкодныя, дрэнна раскладальныя матэрыялы, з якіх робяцца такія “ўпрыгожанні”. Іншыя кажуць пра традыцыі і лічаць, што падобныя забароны абмяжоўваюць асабісты выбар.
Але забароны пакуль няма. Гаворка ідзе толькі пра прапанову, якую Мінпрыроды вынесла на разгляд у межах падрыхтоўкі Экалагічнага кодэкса. Наперадзе — працяглае ўзгадненне і, як абяцаюць у ведамстве, грамадскае абмеркаванне, дзе пазіцыя беларусаў можа адыграць важную ролю.
Каб разабрацца ў працэсе, журналістка Еўрарадыё звязалася з Мінпрыроды, назваўшыся гарадской актывісткай.
Ва ўпраўленні рэгулявання абыходжання з камунальнымі адходамі падкрэсліваюць: гаварыць пра забарону штучных кветак як пра вырашанае пытанне пакуль вельмі рана. Цяпер у праект Экалагічнага кодэкса закладваюць толькі механізм, які дазволіць у будучыні абмяжоўваць вытворчасць і імпарт асобных праблемных тавараў — не толькі штучных кветак, але і іншай цяжкай у перапрацоўцы прадукцыі.
У той жа час частка карыстальнікаў ставіцца да ініцыятывы скептычна. У каментарыях пішуць, што штучныя кветкі даўно сталі традыцыяй, а альтэрнатыва “купляць жывыя расліны” падыходзіць не ўсім — напрыклад, калі няма магчымасці часта даглядаць магілу. Гучаць і больш жорсткія рэакцыі: “пакіньце людзям права выбару”, а таксама меркаванне, што справа не ў экалогіі, а ў інтарэсах бізнесу і кветкавага рынку.
— Асабіста я цалкам і катэгарычна падтрымліваю ініцыятыву поўнай забароны штучных кветак у Беларусі, — кажа навуковец у галіне калоіднай хіміі, былы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Бесараб, які разам з Еўрарадыё азнаёміўся з рэакцыяй на ініцыятыву Мінпрыроды.
Спецыяліст тлумачыць, чаму не варта недаацэньваць шкоду ад матэрыялаў, з якіх зроблены штучныя кветкі, што трапляюць на беларускі рынак у асноўным з Расіі і Кітая.
— Штучная кветка — гэта абсалютна неперапрацоўвальны складаны кампазіт з ПВХ, поліэстру, металічнага дроту і таксічных фарбаў. Раздзяліць такі шматкампанентны “сплаў” на фракцыі для другаснай перапрацоўкі тэхнічна немагчыма. Перапрацоўваць можна толькі монаматэрыялы (асобна чыстае шкло, асобна ПЭТ-бутэльку, асобна паперу). У штучнай кветцы ж сплаўлены метал, розныя віды пластыку (якія нельга плавіць разам), тканіны, клей і фарба.
Раздзяляць такі аб’ект на фракцыі эканамічна і тэхнічна нерэальна ні ў адной краіне свету. Таму іх фінал у 100% выпадкаў — гэта гарадскі палігон, дзе ўсё смецце стагоддзямі распадаецца на мікра- і нанапластык, адначасова атручваючы глебу і грунтавыя воды фталатамі і цяжкімі металамі, такімі як свінец, хром і кадмій з фарбаў і пластыфікатараў.
Аднак найбольшую пагрозу здароўю ўяўляе частае спальванне гэтых кветак і вянкоў: пры гарэнні полівінілхларыду ўтвараюцца дыяксіны — адны з самых небяспечных у свеце хімічных канцэрагенаў і супертаксікантаў, здольных разбураць ДНК і імунную сістэму чалавека ўжо пры простым удыханні дыму. Нядаўна пра падобнае казаў распрацоўшчык “Навічка” Віл Мірзаянаў, калі папярэджваў пра небяспеку дыму пры гарэнні Туапсінскага НПЗ. Акрамя таго, у паветра трапляюць злучэнні свінцу з фарбаў.
З навуковага пункту гледжання, продаж і купля штучных кветак фактычна працуе як гіганцкі шматтонны канвеер канцэрагенных адходаў, што пазбаўлена любога сэнсу. У такой сістэме ў прынцыпе складана знайсці духоўную ці эстэтычную неабходнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут