Насуперак усяму свету. З праграмы Румаса прэ аптымізм — лічбы

30/10/2018 - 12:43
Фота: Mark / www.flickr.com

У распараджэнні Еўрарадыё апынулася праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019-2020 гады, якую прэм'ер-міністр Сяргей Румас 31 кастрычніка прадстаўляе ў парламенце. Ключавая задача паўтарае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі: пабудаваць новую эканоміку, якая забяспечыць рост ВУП Беларусі да 100 млрд. долараў да 2025 года. Мы сабралі цікавыя лічбы з праграмы і задаліся пытаннем, наколькі рэальна выканаць гэтыя планы.

Рост ВУП на 8,5% на год

Урад плануе, што рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі будзе перавышаць сярэднесусветныя тэмпы эканамічнага росту. У 2017 годзе ВУП Беларусі склаў каля 54 млрд. долараў. Для дасягнення $ 100 млрд. да 2025 года ВУП штогод павінен прырастаць прыкладна на 8,5%. І гэта пры ўмове захавання курсу рубля да долара на ўзроўні 2 рублёў.

Прагнозы міжнародных фінансавых інстытутаў, мякка кажучы, менш аптымістычныя. Напрыклад, на думку аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, ВУП Беларусі у 2018 годзе вырасце на 3,8%, а ўжо ў 2019-м рост запаволіцца да 1,7%, у 2020-м будзе 2,1%. Сусветны банк прагназуе беларускай эканоміцы рост у 2019 годзе на 2,7%, у 2020-м — на 2,5%. МВФ прадказвае Беларусі рост ВУП у 2018 годзе на 4%, у 2019-м — на 3,1%, у 2020-м — на 2%.

Міністр эканомікі Дзмітрый Круты і прэм'ер-міністр Сяргей Румас. Фота: Мінэканомікі

Інфляцыя і валютныя рэзервы

Што тычыцца інфляцыі, урад Сяргея Румаса прагназуе яе ў 2019-2020 гадах на ўзроўні не больш за 5%. І тут ацэнкі беларускіх улад супадаюць з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Залатавалютныя рэзервы Беларусі, па планах урада, у 2019 годзе складуць 7,1 млрд. долараў (на 1 кастрычніка 2018-га — 6,9 млрд.), у 2020-м — 7,5 млрд. долараў.

Дзярждоўг плануюць зніжаць, але калідор па ім пакінуты вялікі

Урад запланаваў у 2019-2020 гадах пагашэнне дзяржаўнага доўгу праз незвязанае фінансаванне і ставіць задачу "кіравання дзярждоўгам з мэтай яго зніжэння". Пры гэтым індыкатарам выканання гэтай задачы называецца "забеспячэнне ўзроўню дзярждоўгу да канца 2020 года не больш за 45% ВУП".

Зараз дзярждоўг Беларусі, па дадзеных Мінфіна на 1 верасня, складае 36,2% ВУП. Ці азначае гэта, што дзярждоўг павялічыцца? Спадзяёмся, Сяргей Румас праясніць гэтае пытанне ў парламенце.

Той самы калідор.

Напалеонаўскія планы па дыверсіфікацыі экспарту

Урад Румаса ў чарговы раз паўтарае вядомую мантру пра дыверсіфікацыю экспарту і пра сыход ад залежнасці ад Расеі. Плануецца "дасягнуць да 2020 год роўнага размеркавання экспартных паставак паміж краінамі ЕАЭС, Еўрасаюза, "далёкай дугі" і іншымі краінамі ў прапорцыі трэць — трэць — трэць".

Сёння гэтая прапорцыя выглядае так: ЕАЭС — 50% (з 28,2 млрд. долараў на Расію прыпадае 24 млрд.), Еўрасаюз — 24%, усе астатнія краіны акрамя СНД — 16% (усе астатнія з СНД, акрамя ЕАЭС — 26%).

Для гэтага мяркуецца "мінімізаваць палітычна матываваныя перашкоды з боку ЕС у супрацоўніцтве з Беларуссю з перспектывай поўнай нармалізацыі адносін" і пашырыць эканамічнае ўзаемадзеянне з краінамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу і Афрыкі. Як менавіта — гэта пакуль загадка.

Заробкі павінны перавысіць 1000 рублёў, але ненашмат

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты, выступаючы напярэдадні ў профільнай парламенцкай камісіі, паведаміў, што сярэдні заробак у 2019 годзе павінен скласці 1025 рублёў, а ў снежні 2019 года дасягне 1100 рублёў.

У гэтым годзе ў IV квартале заробак дасягне пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам планкі ў 1000 рублёў, але сярэднегадавы будзе толькі 938 рублёў.

Пазнаеце?

Бонус

Таксама ў праграме развіцця на 2019-2020 гады ўрад ледзь не ўпершыню адкрытым тэкстам прызнае, што эканоміцы Беларусі перашкаджае вялікая доля прысутнасці ў ёй дзяржавы. Так, сярод задач у пункце "Эфектыўнае кіраванне дзяржуласнасцю" называецца "мінімізацыя рызык сацыяльна-эканамічнага развіцця, спалучаных са значнай доляй дзяржаўнага сектара ў эканоміцы краіны".

А яшчэ ўрад Румаса плануе штогод на 10% зніжаць дзяржпадтрымку з бюджэту рэальнага сектара эканомікі і накіроўваць вызваленыя сродкі на сацыяльную сферу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі