Нафта-газавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй скончыўся на фоне тэракту ў метро

07/04/2017 - 19:23

Топ навінаў тыдня з 3-7 красавіка. Слухаць праграму цалкам:

Дзе возьмуць 720 мільёнаў долараў для "Газпрама"?

Расія штогод будзе пастаўляць у Беларусь 24 млн тон нафты, а не 16, як заяўляла раней. Дамоўленасць будзе дзейнічаць да 2024-га года. Пра гэта заявіў першы намеснік беларускага прэм’ера Уладзімір Сямашка.

Па яго словах, пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты будуць адноўленыя не пазней за 13 красавіка.

Акрамя таго, Беларусь пагадзілася выплаціць Расіі запазычанасць за пастаўкі газу. Яна склала 726 мільёнаў долараў.  Еўрарадыё высветліла, дзе Беларусь знойдзе грошы на аплату пазыкі за расійскі газ.

Фота: Reuters

3 красавіка паміж станцыямі метро "Сянная" і "Тэхналагічны інстытут" ў Санкт-Пецярбургу у вагоне адбыўся выбух. Пасля яго загінулі 14 чалавек і ў тым ліку тэрарыст-смяротнік. Траўмы атрымалі 49 чалавек. Сярод пацярпелых апынуўся 53-гадовы беларус Юрый Шушкевіч. Медыкі распавялі, што яго жыццю нічога не пагражае.

Вядома, што выбуховае прыстасаванне было пакінутае ў вагоне. Яно было невялікай магутнасці, але злачынца начыніў выбухоўку металічным шротам, каб нанесці найбольшыя страты людзям.

Фота: debatingeurope.eu

Еўрапарламент асудзіў разгон мірных дэманстрантаў у Беларусі. Гэта адбылося на пасяджэнні, якое прайшло 6 красавіка.

Еўрадэпутаты заклікалі беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць пераслед незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Акрамя таго, Еўрапарламент адзначыў, што калі афіцыйны Мінск не правядзе аб’ектыўнае расследаванне прысудаў дэманстрантам, то Еўрасаюз можа ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі.

Фота: БЕЛТА

Вучань мінскай гімназіі №74 за напад на настаўніцу рускай мовы і літаратуры асуджаны на 8 гадоў зняволення. Такое рашэнне 7 красавіка вынес Мінскі гарадскі суд.

Ён прызнаў 16-гадовага юнака вінаватым “у замаху на забойства асобы, учынены з асаблівай жорсткасцю”. Працэс працягваўся з 13 лютага ў закрытым рэжыме.

Фота: Еўрарадыё

У конкурсе на распрацоўку і стварэнне помніка ва урочышчы “Курапаты” пакуль няма ніводнай заяўкі. Хаця конкурс быў абвешчаны 24 сакавіка.

Пры гэтым у сераду на сустрэчы з міністрам культуры прадстаўнікі ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” заявілі, што яны гатовыя далучыцца да стварэння помніка. Аднак за гэта ўлады мусяць выпусціць ўсіх абаронцаў Курапатаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі