Надвор'е замарудзіла баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны — 272-я раніца вайны

22/11/2022 - 06:16
Вайна ва Украіне працягваецца амаль дзевяць месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua

Два чалавекі былі параненыя ў выніку расійскага абстрэлу Ваўчанска (гэта ў Харкаўскай вобласці) учора ўвечары, кажа старшыня Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Расіяне стралялі па жылым сектары з рэактыўных сістэм залпавага агню. Мясцовыя жыхары — 57-гадовая жанчына і 60-гадовы мужчыну — атрымалі выбуховыя траўмы і аскепкавыя раненні. Медыкі ацэньваюць іх стан як сярэдні.

Учора ўвечары расіяне білі і па дэакупаваным Херсоне. Вядома аб трапленні ў жылы дом — ёсць "прылёт у кватэру", піша намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка. Аднак інфармацыі аб колькасці пацярпелых і маштабы разбурэнняў пакуль няма. Па Херсоне расіяне стралялі і ўчора раніцай. Пасля таго абстрэлу ў абласную бальніцу з траўмамі даставілі чатырох чалавек. Адзін з іх падчас шпіталізацыі памёр.

Наступствы абстрэлу ў Харкаўскай вобласці/ @synegubov

На фронце, як вынікае з зводкі Генштаба ВСУ, без істотных пераменаў. Украінскія вайскоўцы на працягу сутак адбівалі атакі расіян у раёне Стэльмахоўкі ў Луганскай вобласці і шэрагу населеных пунктаў у Данецкай вобласці.

"На Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках праціўнік факусуе свае намаганні на наступе. Ён здзейсніў абстрэлы з танкаў і артылерыі розных тыпаў аб'ектаў у раёнах сямнаццаці населеных пунктаў", — гаворыцца ў свежай зводцы Генштаба. Адначасова расіяне трымаюць абарону на Новапаўлаўскім і Запарожскім кірунках.

Баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны замарудзіліся — праз надвор'е. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Са слоў экспэртаў, "моцны дождж і золь на ўсходзе Украіны амаль спынілі расійскія наземныя атакі, замарудзілі, але не спынілі прасоўванне ўкраінскіх войскаў і прывялі да ўзмацнення артылерыйскага агню 20 і 21 лістапада". Эксперты Інстытута спасылаюцца на дадзеныя Міністэрства абароны Расіі, якое сцвярджае, што расійскія войскі не праводзілі ніякіх наземных аперацый у раёне Купянска 20 лістапада. Такое рашэнне было прынята "верагодна, з-за няздольнасці расійскіх войскаў справіцца з дрэннымі ўмовамі надвор'я", лічаць у Інстытуце.

Карта баёў у Данецкай вобласці 21 лістапада 2022 года / understandingwar.org

У Інстытуце па-ранейшаму лічаць, што Аляксандр Лукашэнка не гатовы актыўна ўступіць у гэтую вайну. Эксперты Інстытута аналізуюць нядаўнія заявы ўкраінскай выведкі аб намеры расійскіх спецслужбаў атакаваць пад ілжывым сцягам крытычную інфраструктуру Беларусі. У Кіеве кажуць, што гэта робіцца, каб аказаць ціск на беларускіх вайскоўцаў, прымусіць іх уступіць у вайну ва Украіне. "ISW раней ацаніў, што ўступленне Беларусі ў вайну застаецца вельмі малаверагодным з-за вялікай унутранай рызыкі для выжывання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі", — нагадваюць эксперты Інстытута. І цяпер яны таксама лічаць, што патэнцыйныя атакі пад чужым сцягам наўрад ці зменяць унутраныя фактары, якія па-ранейшаму працягваюць стрымліваць гатоўнасць Лукашэнкі ўступіць у вайну ад імя Расіі.

А яшчэ ў Інстытуце па-ранейшаму мяркуюць, што па Запарожскай атамнай электрастанцыі б'юць расіяне. У справаздачы прыводзяцца словы аднаго з расійскіх ваенкораў. Ён паведаміў, што абстрэл Запарожскай АЭС вёўся з тэрыторыі, якую кантралюе войска РФ. На думку экспертаў Інстытута, Расія абстрэльвае станцыю, каб дыкрэдытаваць Укриану і паменшыць заходнюю падтрымку.

Тым часам Вялікабрытанія перадае Украіне ракеты Brimstone 2 для знішчэння бронетэхнікі з вялікай дыстанцыі. Яны маюць удвая большую далёкасць, чым такія ж ракеты першага пакалення, якія Украіне дасылалі раней. Пра гэта піша The Telegraph са спасылкай на фота адгрузкі ракет на аэрадроме.

А Літва найбліжэйшым часам перадасць Украіне боепрыпасы калібра 155 мм і зімовы рыштунак. Акрамя таго, Вільня мае намер пашырыць праграму падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра гэта распавёў міністр абароны Літвы Арвідас Анусаўскас. "Літва таксама зробіць свой уклад у Міжнародны фонд фінансавання цяжкай браняванай тэхнікі, яе вытворчасці або мадэрнізацыі, а таксама закупак. Таму калі што — будуць танкі, перададзеныя ўкраінцам за нашы сродкі", адзначыў Анусаўскас.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да грамадзян краіны і прадпрымальнікаў з просьбай эканомней расходаваць электраэнэргію, каб пазбегнуць аварыйных пазапланавых выключэнняў. Пра гэта ён казаў у вячэрнім відэазвароце 21 лістапада. Зяленскі адзначыў, што напярэдадні энергетыкам прыйшлося прымяніць не толькі стабілізацыйныя адключэння электрычнасці, але і пазапланавыя. Гэта выклікана вялікім узроўнем спажывання.

Па словах украінскага прэзідэнта, па стане на вечар панядзелка асабліва складаная сітуацыя з энергазабеспячэннем была ў Кіеве і вобласці, а таксама ў Вінніцкай, Сумскай, Цярнопальскай, Чаркаскай, Адэскай абласцях і ў некаторых іншых гарадах і раёнах.

Нагадаем, на працягу месяца расійскія войскі здзейснілі 6 маштабных ракетных нападаў. Мэтанакіравана білі па энергетычнай інфраструктуры Украіне. Амаль 50% энергасістэмы краіны у выніку гэтых нападаў было пашкоджана. Такую лічбу прывёў на днях украінскі прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі