Нацбанк: З кастрычніка ў банкаматах можна будзе зняць грошы толькі новага ўзору

19/02/2016 - 10:29

З 1 кастрычніка ў банкаматах можна будзе зняць грошы толькі новага ўзору. Пра гэта гаворыцца ў тлумачэнні аб аперацыях з карткамі, падрыхтаваным Асацыяцыяй беларускіх банкаў. Дакумент размешчаны на сайце Нацбанка і прымеркаваны да будучай дэнамінацыі.

Як адзначаецца ў тлумачэнні, з 1 кастрычніка 2016 года банкі павінны выдаваць ў праграмна-тэхнічнай інфраструктуры (банкаматы, інфакіёскі) толькі грашовыя знакі ўзору 2009 года. Пры тэхнічнай і арганізацыйнай магчымасці банкі да 31 снежня ўключна будуць прымаць у праграмна-тэхнічнай інфраструктуры і старыя, і новыя грошы адначасова. Калі такой магчымасці не будзе, то банк зможа сам прыняць рашэнне пра прыём у банкаматах з 1 ліпеня 2016 года грашовых знакаў узору 2009 года.

У кожным выпадку банкі павінны інфармаваць кліентаў, якімі грашовымі знакамі кліент можа разлічыцца ў тым ці іншым аб’екце банкаўскай інфраструктуры. Інфармацыя павінна быць размешчаная непасрэдна ў месцы аказання паслугі.

Асацыяцыя беларускіх банкаў таксама паведамляе, што ў 1 ліпеня карт-чэкі павінны ўключаць новы літарны BYN код валюты. Пры выдачы пасля дэнамінацыі старых грошай рэкамендуецца пазначаць адпаведную інфармацыю ў карт-чэках.

Дэнамінацыя будзе праведзеная шляхам замены банкнотаў узору 2000 года на грошы ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 да 1 беларускага рубля. Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 у Нацбанку і ва ўсіх іншых банках і небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях краіны.

З 1 студзеня 2020 года па 21 снежня 2021 года старыя грошы можна будзе абмяняць толькі ў Нацбанку. З 1 студзеня 2022 года старыя грошы будуць лічыцца несапраўднымі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі