На выбарчых участках у Гродзенскім універсітэце адключаць відэаназіранне

04/08/2020 - 13:47
Каму перашкодзілі камеры назірання на выбарчых участках? / Еўрарадыё

Старшыні выбарчых камісій на двух участках, размешчаных у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, напісалі заявы з просьбай адключыць камеры відэаназірання. Дакладныя запіскі апублікаваў тэлеграм-канал "Мая краіна Беларусь":

Дакладныя запіскі пра камеры відэаназірання на ўчастках / t.me/mkbelarus

Старшыня 129-га ўчастка Ігар Кергет, старшы выкладчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін ГрДУ, пацвярджае, што звярнуўся да кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай адключыць відэаназіранне.

— Камеры вісяць непасрэдна над кабінамі для галасавання. Ды вы самі прыедзьце і паглядзіце, — тлумачыць Кергет. Паводле яго слоў, патрабаванне камісіі — законнае, камера над кабінкай можа парушыць прынцып таемнага галасавання.

Можа быць, можна памяняць размяшчэнне кабін для галасавання і пакінуць камеры ўключанымі?

— Тэхнічна няма магчымасці. Гэта камера стаіць каля аварыйнага выхада, і каля аварыйнага выхада стаяць кабіны, — адказвае Ігар Кергет. — Кабіны ж не будуць ставіць на ўваходзе! Чалавеку трэба спачатку зайсці, узяць бюлетэнь. Потым ісці ў кабіну. Па-іншаму не паставіш.

На 13-м выбарчым участку нам зусім нічога не сталі тлумачыць, спаслаўшыся на тое, што не ведаюць, з кім размаўляюць, хоць нашы карэспандэнты заўсёды прадстаўляюцца.

Відэаназіранне магло б дапамагчы назіраць за галасаваннем і прадухіліць магчымыя фальсіфікацыі і парушэнні — напрыклад, укід бюлетэняў. Але ў Беларусі на большасці ўчасткаў для галасавання камеры відэаназірання адсутнічаюць у прынцыпе. Нядаўна ЦВК адмовіла ініцыятыўным грамадзянам, якія прапаноўвалі абсталяваць участкі камерамі за свой кошт.

"Усе сябры выбарчай камісіі, азнаёміўшыся з прапанаваным вамі праектам пастановы, у якім прадугледжваецца жывая кругласутачная відэатрансляцыя з участкаў галасавання і размяшчэнне ўласных відэакамер грамадзян па іх заяўках, выказалі меркаванне пра неадпаведнасць праекта патрабаванням выбарчага заканадаўства і няяснасць парадку практычнай рэалізацыі прапановы", — такі быў адказ з ЦВК.

У ГрДУ памяшканне, дзе размясціўся ўчастак, было першапачаткова абсталяванае відэаназіраннем. Але нават так не зраслося.

Дык што ж, відэаназіранне на ўчастках адключаць? Прарэктар ГрДУ Мікалай Войтка, чыя віза павінна стаяць на дакуменце... не памятае, каб яму падаваліся пра гэта нейкія дакладныя запіскі.

— Гэта адбылася нейкая памылка, я не ведаю. Няхай Кергет і каментуе, — адказвае Еўрарадыё Войтка.

Цікавы яшчэ адзін факт. У дакладных запісках пазначаны розныя даты адключэння камер. Адзін старшыня просіць іх адключыць з 4 да 10 жніўня, а другі — толькі на 9 жніўня. Атрымліваецца, што на 13-м участку відэаназіранне ніяк не перашкодзіць датэрміноваму галасаванню. Але на дзень выбараў камеру неабходна выключыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі