На пажары ў Беразіне загінуў выратавальнік

17/07/2017 - 11:42

Уночы на 17 ліпеня выратавальнікі прыехалі тушыць дом на вуліцы Мінскай у Беразіне (выклік паступіў на пульт МНС у 0:14). На месцы пажарныя пабачылі веранду, якая гарэла адкрытым полымем, паведамляе сайт МНС.

Выратавальнікі пачалі тушыць агонь, калі раптам выбухнуў газавы балон. Прапаршчык унутранай службы Дзмітрый Няборскі ў гэты час знаходзіўся на пазіцыі ствольшчыка — гэта чалавек, які трымае брандспойт, з якога цячэ вада. Адлегласць ад яго да месца выбуху была вельмі невялікай — блізу 6 метраў.

Адразу пасля выбуху калегі знайшлі яго на зямлі ў непрытомным стане і пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Няборскага даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы, дзе ён пазней памёр. Зараз высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.

Еўрарадыё выказвае спачуванні родным і блізкім загінулага выратавальніка.

Фота: mchs.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі