На МКС знайшлі новыя сляды свідравання

14/09/2018 - 15:04

На Міжнароднай касмічнай станцыі знайшлі новыя сляды свідравання. Невядомы зламыснік пашкодзіў супрацьметэарытную абарону, інфармуе ТАСС.

Скандал выбухнуў у канцы жніўня, калі на МКС была выяўлена ўцечка паветра ў адкрыты космас, пачаў падаць ціск (спрацаваў датчык). Прычыну знайшлі ў расійскім караблі "Саюз МС-09", прыстыкаваным да станцыі. Там была выяўлена 1,5-2-міліметровая дзірка. Экіпаж разгерметызацыю ліквідаваў. Спецкамісія "Роскосмоса" мае некалькі версіяў. Па адной з іх, свідраванне адбылося на зямлі, па іншай — у космасе.

Цяпер жа скандал набывае працяг. Касманаўты рабілі фота і відэа месца свідравання. Падчас іх аналізу і былі заўважаныя сляды свярла на супрацьметэарытным экране за дзіркай. Крыніца ТАСС сцвярджае, што падчас зборкі карабля, калі ўсталёўвалася негерметычная супрацьметэарытная абарона, рабіліся фота і на іх няма слядоў свідравання. Гэта значыць, што яны з'явіліся ўжо пасля канчатковай зборкі. Спецыялісты кажуць, што падчас транспарціроўкі па чыгунцы на Байканур і на самім касмадроме "Саюз" наўрад ці быў пашкоджаны.

Фота: NASA

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі