На дзвюх станцыях мінскага метро ў 2018 годзе абяцаюць Wi-Fi

14/02/2018 - 13:24

Бясплатны грамадскі Wi-Fi з'явіцца на станцыях "Кастрычніцкая" і "Купалаўская", а таксама ў тунэлі-пераходзе паміж імі.

Гэта сумесны праект Мінскага метрапалітэна і ТАА “Дзелавая сетка”. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, усё ўзгоднена і дазвол на ўстаноўку атрыманы. Былі праведзеныя ацэначныя работы і тэхнічныя замеры для ўсталявання патрэбнай апаратуры.

Доступ у інтэрнэт будзе бясплатным, аднак, каб ім скарыстацца, давядзецца прайсці аўтэнтыфікацыю праз нумар тэлефона. Такі тып доступу да грамадскага інтэрнэту можна сустрэць у некаторых мінскіх кавярнях. Таму, каб  турыст мог скарыстацца гэтым wi-fi, у яго павінен быць уключаны роўмінг ці быць падключаная беларуская сімка.

Пры паспяховай рэалізацыі пілотнага праекта плануецца забяспечыць публічным Wi-Fi усе станцыі мінскага метро. Паспяховасць будзе вызначацца загружанасцю сеткі і якасцю сувязі. Ці будзе пры падключэнні транслявацца рэклама, як гэта робіцца ў іншых краінах, пакуль невядома.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў паведаміў у інтэрв'ю БЕЛТА, што мабільная сувязь у тунэлях мінскага метро павінна з'явіцца да Еўрагульняў-2019: "Тры мабільныя аператары заключылі адпаведнае пагадненне, па ўзгадненні з метрапалітэнам яны забяспечаць на працягу 2018 года — пачатку 2019-га тэхнічныя рашэнні для мабільнай сувязі, доступу ў інтэрнэт — у першую чаргу ў тунэлях, каб інтэрнэт быў без разрываў".

Пакуль устойлівая сувязь ёсць толькі ў тунэлі паміж станцыямі "Пятроўшчына" і "Малінаўка".

Цікава, што яшчэ ўчора дырэктар Мінскага метрапалітэна Уладзімір Сотнікаў выступіў супраць Wi-Fi у метро, маўляў Мінск не Масква: "З улікам таго, што ў нас на станцыях ёсць доступ да сеткі, а сярэдні час перагону (праезду ад станцыі да станцыі) 1,5 хвіліны, узнікае пытанне: гэты час без інтэрнэту ніяк не працягнуць?". Таксама ён выказаўся і наконт мабільнай сувязі ў тунэлях:  "Аператары павінны выпрацаваць адзіную канцэпцыю, якая дазволіць ім прыйсці да нас з прапановай. Цяпер, наколькі ведаю, яны прыйшлі да пагаднення. Трэба зрабіць велізарны аб'ём работ: усталяваць тыя ж станцыі, якія перадаюць сігнал, з улікам таго, што лініі метрапалітэна — гэта не прамая “страла”, яны маюць закругленні, тэхнічныя перашкоды".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі