На БелАЭС з інспекцыяй едзе гендырэктар МАГАТЭ

01/10/2024 - 06:51

БелАЭС / Еўрарадыё

У аўторак Беларусь наведае генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Мар'яна Гросі. Аб гэтым паведамілі ў Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі. Запланаваны сустрэчы на ​​высокім узроўні, а таксама паездка на Беларускую атамную электрастанцыю ў Астравец.

"На Астравецкай АЭС генеральны дырэктар і яго група экспертаў ацэняць сітуацыю на пляцоўцы амаль праз чатыры гады пасля яе падключэння да сеткі і ход выканання высноў агляду эксплуатацыйнай бяспекі МАГАТЭ ў 2021 годзе", — гаворыцца ў паведамленні Агенцтва.

Пасля візіту на станцыю ў 2021 годзе эксперты МАГАТЭ рэкамендавалі кіраўніцтву БелАЭС, сярод іншага, удасканальваць праграмы прафілактыкі і абароны ад пажараў, каб звесці рызыку ўзнікнення пажараў да мінімуму. Таксама было рэкамендавана ўзмацніць нагляд і кантроль за маркіроўкай, бяспечным захоўваннем і выкарыстаннем хімікатаў.

Супраць эксплуатацыі БелАЭС актыўна выступае суседняя Літва. Там лічаць, што станцыя небяспечная. У Вільнюсе хацелі б атрымаць адказы на пытанні, звязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасцю абсталявання Беларускай АЭС "да сейсмічных з'яў і наступстваў авіякатастрофы буйнога камерцыйнага самалёта, выкананнем рэкамендацый па стрэс-тэстах, імавернаснай ацэнкай бяспекі, ацэнкай пажарнай рызыкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі