МЗС запрасіла на размову пасла Польшчы пасля заявы міністра Вашчыкоўскага аб АЭС

08/08/2017 - 19:18

Міністэрства замежных спраў Беларусі адрэагавала на заявы польскага міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага наконт Беларускай АЭС. Як перадавала Еўрарадыё, прадстаўнік Польшчы заявіў у каментары РІА "Новости", што яго дзяржава не будзе купляць электраэнергію з БелАЭС. (Яшчэ раней з аналагічнымі заявамі выступала Літва.)

"У выпадку, калі працытаваныя у СМІ словы спадара міністра цалкам адпавядаюць сказанаму, у наяўнасці відавочная палітызацыя руціннага пытання будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай "еўрапейскай салідарнасці" пад ціскам літоўскага боку", — гаворыцца ў каментары, апублікаваным на сайце МЗС

У сувязі з выказваннямі міністра Вашчыкоўскага МЗС Беларусі запрасіў польскага амбасадара ў нашай краіне на размову.

Па словах дыпламатычнага ведамства, Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва і кантактаў па пытаннях ядзернай бяспекі з усімі зацікаўленымі, тым больш — з такімі блізкімі суседзямі, як Польшча.

У сваім каментары МЗС нагадвае, што ў 2009-2013 гадах Польшча ўдзельнічала ў міждзяржаўным абмеркаванні вынікаў праведзенай Беларуссю ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе. У той час Польшча не пярэчыла супраць гэтага праекта.

Дыпламатычнае ведамства падкрэслівае, што прэтэнзіяў або сумневаў наконт бяспекі БелАЭС палякі не выказвала ні на двухбаковым узроўні, ні ў рамках існуючых міжнародных фарматаў. Напрыклад, падчас абмеркавання нацыянальнага дакладу Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы напярэдадні Нарады бакоў (27 сакавіка — 7 красавіка 2017 г.) польскія калегі задалі толькі тры практычныя пытанні, на якія беларускі бок даў адказ.

Беларускія дыпламаты выказваюць здзіўленне, што міністр Вашчыкоўскі заявіў, быццам электраэнергію з БелАЭС не будуць купляць у сувязі з "небяспечным тэхналогіямі", бо Польшча сама разглядае магчымасць развіваць ядзерную энергетыку.

"Хацелі б нагадаць, што тэхналогіі, якія прымяняюцца пры будаўніцтве Беларускай АЭС, паспяхова выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі аналагічных праектаў у такіх краінах Еўрапейскага Саюза, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя і Чэхія. Наколькі нам вядома, афіцыйнай крытыкі з боку Польшчы на адрас згаданых дзяржаў па гэтай тэме не гучала", —  адзначаецца ў каментары МЗС.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі