ЗША працягнулі санкцыі супраць беларускіх уладаў

09/06/2018 - 11:40

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэнне працягнуць на год санкцыі ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў. У заяве Белага дома гаворыцца, што “дзеянні і палітыка пэўных чальцоў ураду Беларусі ды іншых асобаў працягваюць ствараць неардынарную і выключную пагрозу для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі ЗША”.

Цяпер у санкцыйным спісе 10 асобаў: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Лідзя Ярмошына, Віктар Галаванаў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Сцяпан Сухарэнка, Аляксандр Зімоўскі, Уладзімір Навумаў, Наталля Пяткевіч. Яны не маюць права набываць уласнасць у ЗША, мець там рахункі і ажыццяўляць фінансавыя аперацыі. Амерыканскія грамадзяне і кампаніі не могуць заключаць кантракты з гэтымі асобамі.

МЗС Беларусі ўжо пракаментаваў рашэнне ЗША працягнуць санкцыі ў дачыненні беларускіх уладаў. Афіцыйную пазіцыю ў гэтым пытанні выказаў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Андрэй Шупляк.

“Гэтае рашэнне было ініцыяванае ў 2006 годзе Адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага. Беларуска-амерыканскія адносіны за гэты час істотна змяніліся, але, як мы бачым, у некаторых пытаннях Вашынгтон, на жаль, пакуль не здольны перагледзіць сваю састарэлую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі”, — адзначыў Шупляк, адказваючы на пытанне агенцтва БЕЛТА.

Ён таксама заявіў, што Беларусь робіць усе намаганні дзеля ўмацавання рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, таму “абсурдна гучыць сцвярджэнне”, быццам яна можа ўяўляць для іншых дзяржаваў нейкую пагрозу.

“Апроч таго, мы лічым, што цяперашняе рашэнне амерыканскага боку не адпавялае сапраўднаму становішчу ў адносінах Беларусі і ЗША, якія вядуць дыялог у пытаннях, што ўяўляюць не толькі ўзаемную цікавасць, але і ўзаемную занепакоенасць”, — сказаў Андрэй Шупляк.

Прадстаўнік МЗС дадаў, што беларускі бок зацікаўлены ў працягу канструктыўнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі і разлічвае на тое, што вынікі гэтага працэсу будуць улічвацца амерыканскім бокам падчас прыняцця рашэнняў, якія тычацца двухбаковых адносінаў.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі