Мядзведзеў: Фіксаваных цэн на газ для Беларусі не будзе

16/06/2017 - 16:46

Фіксаваных цэн на газ для Беларусі не будзе. Пра гэта 16 чэрвеня ў Пецярбургу па выніках пасяджэння Саўміна саюзнай дзяржавы заявіў расійскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. “Фіксаваных цэн [на газ] увогуле не бывае, — цытуе словы Мядзведзева БЕЛТА. — Тым больш ва ўмовах свабоднага рынку гэтыя цэны не могуць быць фіксаванымі. Але прынцыпы вызначэння кошту, натуральна, павінны быць намі ўзгоднены. Мы да гэтага будзем рухацца, абмяркоўваючы ўсе пытанні, уключна з валютай плацяжу”.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што наша краіна не шукае прэферэнцый і мінімальнай цаны на расійскі газ. Аднак яна хоча цану, якая адпавядае тым коштам, якія маюць яе партнёры па Езразійскім эканамічным саюзе, інфармуе РІА “Новости”.

Як вядома, вясной 2017-га скончылася нафтагазавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй. Наша краіна заплаціла “Газпраму” запазычанасць за пастаўкі газу — больш за 700 млн долараў. Была дасягнутая дамова пра паніжаючыя каэфіцыенты да дзейнай формулы цаны на газ для Беларусі на 2018-2019 гады. У 2017 годзе расійскі газ каштуе нашай краіне каля 132 долараў за тысячу кубаметраў.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі