МВФ папярэдзіў улады Беларусі пра магчымы дэфіцыт пенсійнага фонду ў будучыні

21/06/2016 - 04:41

Міжнародны валютны фонд папярэдзіў улады Беларусі пра магчымы дэфіцыт пенсійнага фонду ў будучыні. Прынятыя нядаўна рашэнні аб павышэнні пенсійнага ўзросту гэтай праблемы не вырашаць, мяркуюць замежныя эксперты.

З 21 чэрвеня ў нашай краіне пачынае працаваць чарговая Місія МВФ. Яна вывучыць сітуацыю ў беларускай эканоміцы, правядзе шматлікія сустрэчы, у тым ліку ва ўрадзе і ў Нацбанку. У панядзелак кіраўнік Місіі Пітэр Долман выступіў з публічнай лекцыяй у галерэі партала tut.by ў Мінску. У сваёй прамове ён канстатаваў, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў рэцэсіі, на яе няспынна ўплываюць "неспрыяльныя знешнія шокі". Каб пераадолець цяжкія часы, Міжнародны валютны фонд рэкамендуе правесці шэраг глыбокіх рэформаў "для стабілізацыі эканомікі і забеспячэння эканамічнага росту і росту дабрабыту ў сярэднетэрміновай перспектыве".

Міжнародныя эксперты адзначаюць станоўчыя крокі — скарачэнне тэмпаў росту заробкаў, зніжэнне маштабаў цэнавага рэгулявання, абмежаванне аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытавання. Аднак яны кажуць пра неабходнасць маштабных рэформаў у беларускай эканоміцы.

Паводле ацэнак МВФ, да 2050 года дэфіцыт пенсійнага фонду мог бы дасягнуць 7% ВУП. Але, дзякуючы павышэнню пенсійнага ўзросту, ён можа скласці 5% ВУП, у бліжэйшыя 5-6 гадоў пенсійны фонд яшчэ будзе заставацца збалансаваным. Пітэр Долман адзначыў, што "дэфіцыт давядзецца кампенсаваць альбо за кошт скарачэння пенсійных выплат, альбо за кошт бюджэтных субсідый".

Як вядома, улады Беларусі спадзяюцца атрымаць ад МВФ крэдыт — 3 мільярды долараў.

МВФ рэкамендуе ўладам Беларусі павысіць кошт камунальных паслуг

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі