Уладзімір Зяленскі ў Херсоне ўручае ўзнагароды байцам, у тым ліку беларусу / t.me/V_Zelenskiy_official
Вызваленне Херсона па правым баку Дняпра звужае сухапутны калідор расіянаў да Крыма. А УСУ дае магчымасць перакінуць сілы на іншыя напрамкі і вызваліць Марыупаль і Мелітопаль. Затым на чарзе Луганская і Данецкая вобласці. А Уладзімір Зяленскі расказаў, што летам хацеў бы пабываць на моры ў Крыме.
Цяпер ініцыятыва на баку Украіны, а гэта ўжо палова перамогі, мяркуе вайсковы аналітык Ігаль Левін. Аднак перахапіць яе Расія ўсё яшчэ можа, таму рана спісваць расійскую групоўку з рахункаў, адзначае старшы навуковы супрацоўнік Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў у Лондане ў наземных аперацыях Бэн Бары.
Еўрарадыё сабрала меркаванні ваенных экспертаў аб тым, якія перспектывы мае контрнаступленне УСУ і з якімі праблемамі Украіна яшчэ можа сутыкнуцца.
Поспехі Украіны — наглядны прыклад таго, як працуе ініцыятыва на практыцы, кажа Ігаль Левін.
— Паколькі УС РФ вымушаныя падладжвацца пад УСУ, таму што ўкраінцы наступаюць, то далёка не ўсіх, каго УС РФ змаглі вывесці з заходняга берага, перакінуць з поўдня на іншыя кірункі. Яны рэальна баяцца рыўка ў бок Крыма.
А вось УСУ могуць быць упэўненыя, што ніякіх наступаў на Мікалаеў, Крывы Рог, Адэсу і гэтак далей цяпер ужо з максімальна высокай верагоднасцю не будзе. А значыць, Украіна можа перакінуць максімум сваіх сіл з поўдня на іншыя кірункі. Гэта нядрэнна паказвае перавагі ініцыятывы і тое, чаму важна яе захопліваць і ўтрымліваць.
— Гэта вельмі перспектыўна з пункту гледжання пераразання наземнага калідора [ад Расіі да Крыма. - Еўрарадыё]. Калі мы гаворым пра наступныя крокі, натуральна, частка сіл будзе адпраўлена на ўсход, на Луганскую і Данецкую вобласць. Пачынаецца новы этап украінскай стратэгічнай аперацыі, які будзе накіраваны на абразанне лагістыкі Крыма і падрыхтоўкі плацдарма для ўзяцця ў кацёл групоўкі, якая знаходзіцца на левым беразе [Херсона. — Еўрарадыё].
Утрымаць Мелітопаль і Марыупаль — цяпер стратэгічная задача для расіянаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут