"Моцна" і "нетрывіяльна": як візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ тлумачаць дзяржСМІ

12/10/2020 - 16:04
Сустрэча з палітвязнямі ў СІЗА КДБ

"Канцэптуальна", "моцна", "нетрывіяльна" — так праўладныя эксперты і дзяржаўныя медыя адрэагавалі на наведванне Аляксандрам Лукашэнкам палітвязняў у СІЗА КДБ. 10 кастрычніка кіраўнік Беларусі сустрэўся там з Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі, Ліліяй Уласавай, Максімам Знакам, Сяргеем Ціханоўскім і іншымі палітвязнямі.
 

“Дыялог у СІЗА КДБ — гэта логіка будучай канстытуцыйнай рэформы”

Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА разрадзілася серыяй каментароў праўладных экспертаў аб "перамовах" у СІЗА КДБ.

"Чарговы нетрывіяльны палітычны ход", — лічыць палітолаг Аляксей Дзермант.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін заяўляе, што "ў апанентаў улады не засталося козыраў". "Моцны крок", — падтаквае яму дырэктар аналітычнага цэнтра ЭКООМ Сяргей Мусіенка.

"Улады Беларусі гатовыя прымаць канцэптуальныя рашэнні", — аналітык БІСІ Аляксей Аўдонін.

Яшчэ адзін тэкст Вадзіма Гігіна аб сустрэчы публікуе БЕЛТА пад вельмі арыгінальным загалоўкам "Дыялог у СІЗА КДБ — гэта логіка будучай канстытуцыйнай рэформы". Але, нібы спалохаўшыся такой шчырасці, яго неўзабаве мяняюць на "Дыялог у СІЗА КДБ няправільна разглядаць з пункту гледжання падзей мінулага".

“Неверагодны, нечаканы ход”

Сайт газеты "СБ. Беларусь сегодня" таксама не застаўся ўбаку ад паездкі Лукашэнкі. Частка каментароў і загалоўкаў тут паўтарае тыя, што былі на БЕЛТА. Але ёсць і свае. "Візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ —неверагодны, нечаканы ход", — кажа Вадзім Гігін.

Ёсць тут і каментар Юрыя Васкрасенскага пра візіт Лукашэнкі, які ён даў дзяржтэлеканалу пасля вызвалення з СІЗА КДБ: "Толькі моцны палітык здольны на такое".

Газета "Звязда" вырашыла абмежавацца нататкай пра наведванне Лукашэнкі СІЗА КДБ і навіной з каментаром Юрыя Васкрасенскага пасля вызвалення.
 

“Лукашэнка ў чарговы раз паказаў сябе палітыкам”

Тэлеканал АНТ даў тры навіны пра візіт Лукашэнкі да палітвязняў. Першая — пра прыезд; яе тэлеканал назваў у стылі іншыя дзяржмедыя: "Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных рухаў у СІЗА КДБ". Праўда, ніхто не ўдакладняе, пра якія рухі гаворка.

"Моцны ход" і "Лукашэнка ў чарговы раз паказаў сябе палітыкам" — загалоўкі двух астатніх сюжэтаў. На гэтым АНТ закрыў тэму "перамоваў".

Тэлеканал "Беларусь 1" абмежаваўся двума сюжэтамі. Адзін пра візіт Лукашэнкі, другі пра абмеркаванні паездкі экспертамі. Падобна, вырашылі захаваць тэму для будучага "Клуба рэдактараў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі