"Мне ўсе казалі, што гэта справа заглухне і не дойдзе да суда"

21/07/2017 - 16:05

Сёння адбыўся суд над Максімам Філіповічам, дзе яго абвінавачвалі ў тым, што "фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, па фарміраванні грамадскага меркавання сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь". Еўрарадыё пагаварыла з ім падчас перапынку пасяджэння:

Мне ўсе казалі, што гэта справа заглухне, не дойдзе да суда, але я заставаўся пры сваім меркаванні: што не заглухне, што дойдзе да суда.

Мне не спадабалася стаўленне суддзі да людзей. Са мной ён не груба размаўляў, а вось з іншымі сабе такое дазваляў, вельмі груба гаварыў, павышаў голас. У мяне было восем хадайніцтваў, і практычна ўсе яны былі адхіленыя. Я лічу, што яны былі абгрунтаваныя. Напрыклад, самае элементарнае першае хадайніцтва – аб відэаздымцы ў зале пасяджэння, на што суддзя сказаў – гэта законам забаронена.

Калі разбіраюцца мае справы, то заўсёды даюць маленькія залы. Людзі ледзь не на каленках адзін у аднаго сядзяць. Яны ведаюць, што калі гэта Філіповіча, то будзе шмат людзей, а вось іншым, дзе чалавек 5-10 прыходзіць, вось там даюць велізарныя залы.

Было нечакана, калі эксперт стаў на наш бок. Я бачыў, што нават суддзя здзівіўся, калі ён устаў і сказаў, што youtube-канал трактаваць як СМІ нельга і што нельга прызнаваць Філіповіча СМІ. Што гэта будзе супярэчыць закону. Суддзя аж змяніўся ў твары.

Яны рабілі запыты ў падатковую, што я, маўляў, атрымліваю даход са свайго канала. Ну так, я ў 2016 годзе атрымаў 100$ з партнёркі. Ну так, я ўзяў і заплаціў з іх падатак – 13%, усё аформіў як мае быць.

Ніякіх сведак з боку абвінавачання не было. Я абʼяўляў хадайніцтва, каб запрасілі для паказанняў супрацоўніка міліцыі, які склаў пратакол, але мне ў ім адмовілі. Мне вельмі хацелася пачуць, чаму ён трактуе закон так, як ён хоча, а не як гэта дыктуе Канстытуцыя і тлумачаць эксперты.

Пасля таго, як выказаўся эксперт, мне здаецца, што ў іх больш няма варыянтаў, акрамя як вынесці апраўдальны прысуд. Інакш гэта будзе такі рэзананс, і яны, напэўна, гэта разумеюць.

 

Эксперт аблвыканкама Павел Барысаў на судзе паведаміў, што відэаканал Філіповіча "Гарантыяў няма" на Youtube нельга залічыць у СМІ і рэгістрацыя такіх каналаў законам не прадугледжаная. Гомельскі суд спыніў адміністратыўную справу супраць блогера Максіма Філіповіча ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі