Мінскія паліклінікі і лякарні ўжо гатовыя да ацяпляльнага сезона

11/09/2015 - 08:53

Пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона атрымалі ўсе ўстановы аховы здароўя Мінска, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на намесніка старшыні камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Мікалая Скавародку. Па яго словах, сёння прыводзяць у парадак тэрыторыі лякарняў і паліклінік. Асаблівую ўвагу надаюць добраўпарадкаванню 38-й гарадской паліклінікі, дзе частку тэрыторыі аддалі пад будаўніцтва метрапалітэна. Завяршыць усе працы плануецца да надыходу дажджоў.

На сёння ў Мінску з 470 зарэгістраваных крыніцаў цяпла пашпарты гатоўнасці падпісаныя ў 379 (80,6%). З 2 764 спажыўцоў пакуль не аформілі дакументы 580. Усяго на 10 верасня падпісана 79% пашпартоў.

У цэлым жылы фонд гатовы да ацяпляльнага сезону, адзначаюць у Мінгарвыканкаме. Сёлета адрамантавалі 161,9 тысячы квадратных метраў дахаў і 156,8 тысячы пагонных метраў стыкаў сценавых панеляў. На 145,2 тысячы квадратных метраў жылых будынкаў зрабілі цеплавую рэабілітацыю. Камунальныя службы таксама прыводзілі ў належны стан балконы, казыркі і фасады будынкаў, праводзілі прафілактычны рамонт сістэм ацяплення і цеплавых вузлоў, гідрапнеўмапрамыўку і рамонт электраабсталявання.

Усяго на абслугоўванні 117 сталічных ЖЭСаў знаходзяцца 6 780 жылых дамоў.

Фота з архіву

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі