Мінскія дрэвы ратуюць лекамі з Акадэміі навук, а навукоўцы не ў курсе

03/12/2018 - 13:18
Фота: Еўрарадыё

Каля мінскага Галоўпаштамта праходзіць эксперымент над дрэвамі, якія “Мінскзеленбуд” спрабуе абараніць ад уздзеяння супрацьгалалёдных рэагентаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўніца службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі прадпрыемства Анжаліка Пузанкова.

На кроны і ствалы дрэў нанеслі рэчыва, якое нібыта далі навукоўцы Акадэміі навук. У "Мінскзеленбудзе" старанна замоўчваюць яго склад, чым абураныя экалагічныя актывісты. У Акадэміі навук кажуць, што наогул нічога не чулі пра выпрабоўванні.

 

"Ужо дзесяць гадоў мы спрабуем абараніць дрэвы ад солі, — распавядае Анжаліка Пузанкова. — На зіму закрываем ствалы і лункі, вясной мяняем верхні пласт грунту, засыпаем новы, абмываем дрэвы. Гэтых мер не хапае. Соль пранікае ў крону і маленькія галінкі, на якіх прарастаюць жывыя пупышкі. Спецыялісты Інстытута біяарганічнай хіміі прапанавалі выпрабаваць рэчыва, якое змагло б абараніць дрэвы. Мы далі ім пару ліп у раёне Галоўпаштамта. Эксперымент неабходны для распрацоўкі ў Акадэміі навук ахоўнага прэпарата. Ніякіх дакументаў на рэчыва ў нас пакуль няма. Вынікі даведаемся не раней за сярэдзіну чэрвеня".

Анжаліка Пузанкова перакананая: няма сэнсу распавядаць пра склад рэчыва, якое наносіцца на дрэвы. "Гэта тое ж самае, што казаць пра лекі, якія не вынайдзеныя, дзяліць шкуру незабітага мядзведзя, — кажа яна. — Калі эксперымент удасца, мы ўсё раскажам. А пакуль мы не ведаем, ці будзе вынік у прынцыпе".

"Ніхто ніякіх грошай не траціў, усё на голым энтузіязме"

Чаму б не закупіць які-небудзь сродак за мяжой, замест таго каб прыдумляць свой, траціць на распрацоўку час і грошы?

"Ніякіх сродкаў дзяржбюджэту тут не прыцягвалася, — запэўнівае Анжаліка Пузанкова. — Мы нічога не куплялі, проста паказалі, на якіх дрэвах можна паспрабаваць. Усё. Ніхто ніякіх грошай не траціў. Гэта зыходны матэрыял інстытута біяарганічнай хіміі. Усё праводзіцца на голым энтузіязме".

Прадстаўнік "Мінскзелянбуда" заўважыла, што асабіста на міжнародных выставах у Чэхіі, Расіі, Германіі і Галандыі распытвала спецыялістаў, які прэпарат мог бы выратаваць дрэвы ў Беларусі.

"Яны не пасыпаюць дарогі соллю, таму нічым дапамагчы нам не могуць. Прэпаратаў няма, таму што няма праблем, як у нас", — кажа Анжаліка Пузанкова.

"Прэпараты для дрэў распрацоўваліся шмат гадоў таму. Магчыма, распрацоўкі рэанімавалі"

Чыноўнікі спадзяюцца на беларускіх навукоўцаў, але ў Інстытуце біяарганічнай хіміі НАН кажуць, што ні пра які эксперымент над ліпамі ля паштамта не чулі.

"Па маіх звестках, цяпер мы з Зелянбудам не працуем, — здзіўляецца загадчык лабараторыі хіміі стэроідаў, акадэмік Уладзімір Хрыпач. — Работы над прэпаратамі, якія змаглі б абараніць дрэвы, у тым ліку ад шкоднага ўплыву солі, праводзіліся намі шмат гадоў таму. Магчыма, цяпер іх нехта рэанімаваў. Можа, нейкія выпрабоўванні праходзяць, але я пра гэта нічога не ведаю".

Акадэмік распавядае, што "лекі" для дрэў распрацоўвалася на аснове прыроднага расліннага гармону. Паводле яго слоў, яны здольныя абараніць дрэвы ад усіх відаў негатыўных уплываў. Чаму тады ў Мінскзелянбудзе маўчаць і настойваюць, што ў Беларусі толькі плануюць вынайсці нейкі сродак?

"Асабіста мне здаецца, што лепшым інструментам для гэтых мэт можа служыць менавіта наша распрацоўка, — лічыць вучоны. — Па якіх прычынах яе не ўжываюць, я не ведаю. Мы ўсяго толькі распрацоўшчыкі, а не арганізацыя, якая прымяняе".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі