Мінгарвыканкам не дазволіў правесці калядны кірмаш у Верхнім горадзе

10/12/2019 - 15:18

Каляднага кірмашу "Вялікі гасціны двор" у Верхнім горадзе на гэты Новы год не будзе. Пра гэта піша CityDog.by са слоў арганізатараў маркету Алены Жываглод і Максіма Восіпава.

На мінулы Новы год кірмаш "Вялiкi гасцiны двор" працаваў з 24 снежня па 5 студзеня. Кожны дзень там гучала жывая музыка, працаваў фудкорт, а таксама прадавалі жывыя елкі і сувеніры.

Па словах Жываглод, сёлета арганізатары хацелі ператварыць кірмаш у паўнавартасны калядны фэст. Яго наведнікі змаглі б далучыцца да каляднай культуры Мінска.

Але Мінгарвыканкам адмовіў арганізатарм. У афіцыйным адказе гаворыцца: "Канцэпцыя правядзення святочных мерапрыемстваў 2020 года ўзгодненая. У адпаведнасці з ёй правядзенне навагодняга кірмашу на тэрыторыі Верхняга горада не прадугледжваецца".

Чыноўнікі прапанавалі разгледзець альтэрнатыўныя варыянты для кірмашу — акрамя плошчы Свабоды, пляцоўкі ля Палаца спорту, а таксама плошчы Незалежнасці і Кастрычніцкай.

Арганізатары ўрэшце адмовіліся ад ідэі памяняць месца кірмашу. "Каб раскруціць з нуля новую лакацыю, партнёрам, гатовым рызыкнуць сваімі бюджэтамі, трэба даваць гарантыі, што ў новым месцы будзе добры трафік людзей. У цэнтры не так шмат лакацый, дзе ёсць неабходныя ўмовы для правядзення кірмашу ў нашых зімовых умовах. Вельмі важны экстэр'ер, на фоне якога ўсё адбываецца, а таксама праходнасць, наяўнасць вольнай прасторы, крыніцы неабходнага аб'ёму электрычнасці, адсутнасць шуму ад машын, магчымасць схавацца ад ветру", — тлумачыць Восіпаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі