Мінгандлю рэкамендуе крамам не браць тавары ў пастаўшчыкоў, якія завышаюць цэны

26/04/2016 - 12:04

Міністэрства гандлю рэкамендуе гандлёвым аб'ектам не прымаць тавары ў пастаўшчыкоў, якія неабгрунтавана павялічваюць кошты ў параўнанні з папярэднімі пастаўкамі.

Як інфармуе Мінгандлю, гэтая рэкамендацыя прынятая з улікам учорашняга рашэння Нацбанка пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 22%.

Паводле інфармацыі Мінгандлю, апошнім часам значна выраслі адпускныя кошты ў некаторых пастаўшчыкоў на асобныя тавары. Напрыклад, сінтэтычныя мыйныя сродкі выраслі ад 11% да 42% (ТАА "Гандлёвы Пасад", ЗТАА "Аліда-Вест", СЗАТ "Лебартова", ЗАТ "Дыліс Касметык"). Кошты на бытавую тэхніку павялічыліся ад 20% (ЗАТ "Паціа") да 100% (ТАА "Даматэхніка"). Прыкладна на 20% павялічыліся кошты на адзенне (ААТ "Свiтанак", ТАА "Карго Імпэкс"). Ад 3% да 12% выраслі кошты на малако і малочную прадукцыю (ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат", ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "Бабушкина крынка", ЗТАА "Данон Бел", ААТ "Пастаўскі малочны завод"). Кандытарскія вырабы падаражэлі ад 6% да 25% (ААТ "Кандытарская фабрыка "Слодыч", СААТ "Камунарка", ТАА "Авалонторг", ТАА "Альт-прадукт", ТДА "ННД", ІЧТУП "КДВ-Бел"). Кошты на гарбату выраслі ад 7% да 28% (ТАА "Энергія", ТДА "НП-сэрвіс", УП "Караван", ТАА "Тыбетрэй"). Выраслі кошты на бакалею і прыправы (ТАА "Гурміна" — да 24%, ТДА "Ракан — Крупяны дом" — да 8%), а таксама рыбу (СП ТАА "Санта Імпэкс Брэст" — да 9%, ТДА "Віталюр" —да 12%) і інш.

Дарэчы, за першыя тры месяцы года інфляцыя ў Беларусі склала амаль палову гадавога прагнозу. Індэкс цэнаў на тавары і паслугі ў сакавіку 2016 года ў параўнанні з лютым 2016 га вырас на 0,8%, са снежнем 2015 года — на 5,7%.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі