Мінчане vs Оскар: Як на фільмы-пераможцы прэміі хадзілі ў сталічныя кінатэатры

05/03/2018 - 15:29

У Лос-Анжэлесе раздалі "Оскары". Найлепшым фільмам сёлета прызнаная стужка “Форма вады”, прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Гары Олдман за карціну “Цёмныя часы”, а Фрэнсіс МакДорманд атрымала статуэтку за лепшую жаночую ролю ў фільме “Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры”.

Ці супала меркаванне амерыканскага журы з выбарам мінчан?

Згодна з дадзенымі сталічнага “Кінавідэапраката”, больш за ўсё ў нас паглядзелі “Тры білборды…”, на другім месцы — “Форма вады”, значна горш глядзелі “Цёмныя часы”. Вось так гэта выглядае ў лічбах:

 

 

Цікава, што з трох фільмаў толькі “Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры” трапіў у дзясятку лепшых фільмаў за люты 2018-га. Фільм заняў акурат 10-е месца.

Усяго ў “Кінавідэапраката” 13 кінатэатраў, але фільмы паказвалі не ва ўсіх. Самыя доўгія пракаты былі ў кінатэатры “Беларусь” — па тры тыдні. У астатніх у сярэднім па 14 дзён. Напрыклад, “Тры білборды…” даўжэй за ўсё ішоў у кінатэатры “Беларусь” – з 1 па 21 лютага. У пяці астатніх, дзе круцілі карціну, пракат ішоў два тыдні.

“Напрыклад, “Прыгоды Падынгтана” ішлі з 18 студзеня па 14 лютага ва ўсёй сетцы. Гэта адна размова. Усё ж такі гэта фестывальнае кіно [лаўрэатры “Оскара” — Еўрарадыё], таму ўсю сетку не ахоплівалі. Робім стаўку, што лепей пойдзе, што горш”, — распавядаюць у мінскім “Кінавідэапракаце”.

У прыватных кінатэатрах сеткі Silver Screen дакладныя лічбы не называюць, спасылаючыся на дамовы. Але распавядаюць, што месцы паміж фільмамі размеркаваліся гэтаксама — “Тры білборды…”, “Форма вады” і “Цёмныя часы”.

Фільм Гільерма дэль Тора “Форма вады” распавядае пра нямую прыбіральшчыцу навуковай лабараторыі, якая закахалася ў чалавека-амфібію і дапамагае яму збегчы.

На “Кінапошуку” пераможца “Оскара”, фэнтэзійная меладрама “Форма вады”, набрала рэйтынг 7,2, а сусветныя зборы склалі 111 мільёнаў долараў.

Карціна Марціна Макдоны “Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры” на “Кінапошуку” атрымала адзнаку 8,3 і сабрала ў свеце амаль 122 мільёны долараў. Кінакарціна распавядае пра жанчыну, у якой забілі дачку. Злачынцы не знойдзеныя, таму яна ідзе на смелы крок — арандуе на ўездзе ў горад тры білборды з пасланнем да аўтарытэтнага старшыні паліцыі.

Фільм Джо Райта “Цёмныя часы”, які стаў найменш цікавым для мінчан, распавядае пра першы і вырашальны крок Уінстана Чэрчыля на пасадзе прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі. Пры гэтым гістарычная драма, паводле “Кінапошуку”, трымаецца на адзнацы 7,4, зарабіўшы амаль 136 мільёнаў долараў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі