Мінбуд прапануе ўказ пра будаўнікоў, больш падобны да "прыгоннага права"

10/09/2021 - 12:53
Цяпер мы тут на ўсё жыццё! / unsplash.com

"Яшчэ жоўтую зорачку хай прычэпяць будаўнікам", — так адгукаюцца на форуме праекціроўшчыкаў пра вынесены на грамадскае абмеркаванне праект указа Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Беларусі.

А сутнасць змен, якія рыхтуюцца, у наступным: інжынерна-тэхнічнага работніка (ІТР — прарабы, майстры і г. д.), які звальняецца са старога месца працы, аўтаматычна будуць пазбаўляць кваліфікацыйнага атэстата, які дазваляе яму займацца будаўнічай дзейнасцю. Для таго каб уладкавацца ў іншую арганізацыю, ІТР будзе вымушаны нанова здаваць кваліфікацыйныя іспыты.

Гэта можа прымусіць спецыяліста лішні раз падумаць, перш чым ён захоча змяніць месца працы, бо ў адваротным выпадку яго чакае нудная і доўгая працэдура пераатэстацыі. Замацаваўшы супрацоўнікаў за арганізацыяй, чыноўнікі хочуць вырашыць праблему ўцягвання будаўнікоў у шэрыя схемы. Але, мяркуючы па водгуках удзельнікаў форуму, змены, якія плануюцца, — чарговы "стрэл у нагу" будаўнічай галіне.

Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці пагутарыла з інжынерна-тэхнічным работнікам, начальнікам участка кампаніі-генпадрадчыка. Мужчына пацвярджае: сапраўды, выпадкі нядобрасумленных паводзін з боку будаўнічых фірмаў ёсць.

— На сённяшні дзень ёсць "чорны бізнес", і, мяркуючы па ўсім, ён вельмі развіты, — расказвае Еўрарадыё начальнік участка. — Уявіце, што ІТР працуе ў нейкай арганізацыі, атэстоўваецца, а потым проста бярэ і "прадае" атэстат. Як? Ён уладкоўваецца ў арганізацыю, пасля яго працаўладкавання гэтая арганізацыя атрымлівае атэстацыю на падставе атэстата працаўладкаванага імі спецыяліста або адкрывае на яго будаўнічы аб'ект. А спецыяліст пасля гэтага звальняецца — на працу ён не ходзіць, ён проста падлажвае свае дакументы [здзяйсняе падлог. — Еўрарадыё].

Па чутках, у залежнасці ад таго, на якую катэгорыю разлічвае арганізацыя, такая паслуга каштуе ад 100 да 200 долараў. Гэта вельмі развіта, аб'яў такога роду вельмі шмат. І мабыць, таму яны [Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. — Еўрарадыё] і вырашылі ўвесці такую сістэму прывязкі.

"Куча адказнасці за 1000 рублёў"

Ці ўзрадуюцца прарабы "прывязцы" да будаўнічых арганізацый? / unsplash.com

У тэорыі ўсё выглядае прыгожа і аргументавана. Але што будзе, калі кіраўнікоў сярэдняга звяна, далёка не ўсе з якіх удзельнічаюць у "чорным бізнесе", "прывяжуць" да месца працы?

— Цяпер аб'ёмаў работ няма. У дзяржканторах, у асноўным у трэстах, вельмі нізкія заробкі — у прараба ў сярэднім 1000-1200 рублёў. А гэта чалавек, які нясе велізарную адказнасць, выконвае кучу працы і, па сутнасці, будаўнічы аб'ект вісіць на ім, — тлумачыць Еўрарадыё ІТР. — Прыватны бізнес можа прапанаваць такому чалавеку мінімум у два разы больш. Таму для таго, каб людзі не ўцякалі з трэстаў — а людзі адтуль пачалі ўцякаць, і вельмі сур'ёзна пачалі, — уводзяць гэтыя папраўкі. У першую чаргу яны думаюць пра трэст, а не пра людзей.

Скончыцца гэта тым, што атрымаецца калапс. Пасля ўвядзення гэтай змены людзі будуць уцякаць, ніхто не будзе працаваць за тысячу рублёў, несучы пры гэтым кучу адказнасці. Такім чынам яны [чыноўнікі. — Еўрарадыё] штурхаюць людзей да шэрых схем. А нармальны чалавек шэрымі схемамі займацца не будзе, спецыялісты пачнуць з'язджаць. Маё меркаванне як менавіта практыка — гэта прывядзе да пагаршэння якасці працы і падрыхтоўкі лінейных работнікаў, а таксама да адтоку кадраў.

Без паперкі ты — ніхто

Салідная арганізацыя наўрад ці возьме на працу ІТР без кваліфікацыйнага атэстата / unsplash.com

Мужчына здзіўляецца: як інжынерна-тэхнічны работнік уладкуецца на працу, калі на ранейшай яго пазбавілі атэстата? Зноў папяровая цяганіна?

— Гэта ў прынцыпе няправільна. Як гэта будзе выглядаць? Напрыклад, я пасля звальнення прыходжу на сумоўе ў іншую арганізацыю, аддаю свой пакет дакументаў: дыплом, рэзюмэ і гэтак далей. А мне кажуць: "Добра, а атэстат у вас ёсць?" Я адкажу, што да нядаўняга часу быў, а цяпер яго спынілі. Тады можна быць упэўненым, што мне адкажуць: "Выбачайце, вы нам не падыходзіце".

Легальна працаваць без атэстата немагчыма. Я сітуацыю разглядаю на сваім прыкладзе. "Семь пядей во лбу", шматгадовы досвед, усё добра. Але без атэстата я не маю права падпісваць ніводнага дакумента, пачынаючы ад журнала правядзення работ, таму што я ў такім выпадку непацверджаны спецыяліст.

Па словах начальніка ўчастка, эфектыўнасць пераатэстацыі будаўнікоў у Беларусі невысокая.

— У Польшчы кваліфікацыйны атэстат выдаецца адзін раз і на ўсё жыццё, — кажа мужчына. — Адвучыўся, атрымаў і працуеш як спецыяліст высокага профілю. Але калі ты "накасячыў" на аб'екце, то атэстат у цябе забіраюць і вярнуць яго ты ўжо не можаш. У нас жа, калі Дзяржбуднагляд спыніў дзеянне твайго атэстата, то ты ідзеш у цэнтр павышэння кваліфікацыі. Адвучыўся яшчэ раз, здаў экзамен — і вуаля, у цябе новы атэстат. Ты ўсяго толькі выдаткаваў час і грошы.

Ключавую ролю адыгрывае досвед

Атэстат важны, але будаўнічы досвед яшчэ важнейшы / unsplash.com

А што сабой уяўляе экзамен на пацвярджэнне кваліфікацыйнага атэстата?

— Калі браць па агульнабудаўнічых работах, то гэта 900 пытанняў, якія датычацца ўсяго напрамку, у якім ты працуеш. На 40 з іх ты будзеш адказваць. У тэорыі, ведаючы адказы на ўсе гэтыя пытанні, ты павінен быць застрахаваны ад далейшых "касякоў" на працы. Але ніхто не бярэ ў разлік досвед, — падкрэслівае будаўнік. — Можна параўнаць выпускніка ўніверсітэта, у якога няма досведу, але ёсць нядаўна атрыманы атэстат, і спецыяліста, у якога дзеянне атэстата спынілі праз выпадковасць, глупства. І дасведчаны спецыяліст у кожным разе будзе мець перавагу, таму што на будоўлі дзесяць адсоткаў тваёй паспяховай дзейнасці залежыць ад ведаў, а 90 адсоткаў — ад досведу.

Начальнік участка ўпэўнены: "запрыгоньванне" ІТР у арганізацыях ні да чога добрага не прывядзе.

— Я б гэта нават рабствам не назваў. Раб можа ўцячы і прыйсці да іншага, а ты куды пойдзеш, улічваючы, што будаўнічая галіна ў Беларусі сёння гіне? І гэта ёсць канстатацыя факту. Замест таго каб каня лепш карміць, яны яму вешаюць два хамуты. Маўляў, калі з першага ён выслізне, другі яму не дасць уцячы.

Таксама на прававым форуме forumpravo.by цяпер ідзе абмеркаванне праекта новых атэстацыйных патрабаванняў да будаўнічых арганізацый. Калі змены прымуць, то ў шмат якіх будаўнічых фірмаў могуць узнікнуць цяжкасці з атрыманнем сертыфікатаў адпаведнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі