Мінабароны Беларусі перавучвае паляўнічых у снайпераў

29/04/2024 - 08:22

Снайпер, ілюстрацыйнае фота / @modmilby

Міністэрства абароны арганізавала курсы перападрыхтоўкі для паляўнічых, якія хочуць атрымаць ваенна-ўліковую спецыяльнасць "Снайпер". Пра гэта расказаў у эфіры беларускага тэлебачання старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігар Шуневіч.

"Калі была пастаўленая задача вызначыць сваё месца ў сістэме нацыянальнай бяспекі менавіта ўзброеных людзей, якія сёння складаюць аснову Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, на добраахвотнай аснове быў накіраваны мною ліст, паведаміць, хто жадае", — расказвае кіраўнік БТПР. Колькасць ахвочых прайсці перападрыхтоўку паводле сістэмы "Снайпер" — адной з ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў — перавысіла, паводле словаў Шуневіча, усе яго чаканні.

Таму, кажа ён, "на сёння ствараецца сістэма па задзейнічанні такіх спецыялістаў, іх перанавучанне, Міністэрства абароны гэты працэс ужо арганізавала". Шуневіч таксама адзначыў, што ў БТПР маюць намер "паступова павялічваць патэнцыйную колькасць людзей, якія ў выпадку неабходнасці могуць быць выкарыстаныя як спецыялісты вельмі вузка накіраванага, так бы мовіць, хірургічнага інструмента ў ваенных дзеяннях".

У цяперашні час у Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў — каля 60 тысяч чалавек. Раней Шуневіч таксама прапаноўваў забараніць паляўнічую зброю для тых, хто не лічыцца ў падкантрольным дзяржаве таварыстве паляўнічых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі