Міліцыя прызналася, што не можа кантраляваць месенджары

26/02/2019 - 11:22
Рэклама наркотыкаў у Малінаўцы, Мінск / Фота з Facebook Sergey Mikhalenko

Па ініцыятыве наркакантролю у 2018 годзе ў Беларусі абмежаваны доступ да 152 сайтаў, заблакаваны 191 электронны кашалёк. Але наркамафія ідзе на крок наперадзе і пераводзіць рэкламу псіхатропаў і вярбоўку кур'ераў ў месенджары з элементамі шыфравання, такія, як "Тэлеграм", WhatsApp і Viber. 26 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Генадзь Казакевіч прызнаўся, што кантраляваць гэтыя месенджары беларуская міліцыя не можа:

"Інтэрнэт спрыяльны і пажаданы для наркадылераў сваёй ананімнасцю. З прафесійнага пункту гледжання, гэта вельмі вялікая праблема, таму што мы не можам кантраляваць інтэрнэт на 100%, і тым больш не можам кантраляваць мэсэнджары з элементамі шыфравання".

Акаўнты і каналы ў мэсэнджарах шырока рэкламуюцца офлайн — сцены і слупы некалькіх раёнаў Мінска распісаныя іх назвамі. Нядаўна знайшоўся новы "кландайк" з аб'явамі аб продажы наркотыкаў і найманні кур'ераў — у Трактаразаводскім пасёлку.

На гэтай фатаграфіі 4 надпісы з рэкламай телеграм-канала па продажы наркотыкаў/Еўрарадыё

Нашы чытачы сталі дасылаць у рэдакцыю фота незаконнай рэкламы ў сваіх гарадах і скардзіцца на яе камунальным службам — на сайт 115.бел.

"Тая знешняя рэклама, пра якую вы кажаце, гэта спосаб не толькі рэкламы тавару як такога. Як раз "трафарэтаў" з надпісам "солі" стала менш. Гэта спосаб, перш за ўсё, уключэння ў наркабізнес, — працягвае Генадзь Казакевіч. — Рэкламуюць не продаж наркотыкаў, а "высокааплатную працу". Мы перыядычна затрымліваем трафарэтчыкаў, але пытанне ў юрыдычнай кваліфікацыі дзеянняў гэтых асоб. Гэта вельмі тонкае пытанне. І мы не проста іх затрымліваем. Па кожным факце праводзіцца разбіральніцтва".

Чалавек, які "клюнуў" на абяцанні наркадзялкоў, атрымлівае інструкцыі да дзеяння. Прыблізна вось такія:

Падобныя паведамленні аб працы наркакур'ерам атрымалі двое нашых журналістаў / Еўрарадыё
Рэклама телеграм-канала і телеграм-бота, праз якія можна набыць псіхатропы / Еўрарадыё

Канал створаны 24 лістапада 2018 года, у ім 307 падпісчыкаў і ўсяго адзін пост, які змяшчае інфармацыю пра цэны і гарады, у якіх працуе крама. Таксама ўказаныя два телеграм-чаты і іх адміністратары. Спасылкі не працуюць — падобна, наркакантроль добра зрабіў сваю працу.

Камунальныя службы замазваюць рэкламу наркотыкаў (хоць некаторыя аб'явы ў раёне Міхалова застаюцца незафарбаванымі нават праз месяц), але праблему гэта не вырашае. Трафарэтчыкаў, якія яе распаўсюджваюць, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці не за ўцягванне ў наркабізнес, а за парушэнне заканадаўства аб рэкламе. Такога артыкула, як "Уцягванне ў незаконны абарот наркотыкаў", у Беларусі наогул няма, значыць, і да адказнасці за гэта не прыцягнеш. "Мы не можам парушаць закон", — адказвае на пытанне аб пакаранні для трафарэтчыкаў Генадзь Казакевіч.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі