Кніга Мікалая Статкевіча / facebook.com/jaroslaw.iwaniuk
Выйшаў зборнік эсэ экс-палітвязня Мікалая Статкевіча. Гэтыя творы ён напісаў у зняволенні ў глыбоцкай калоніі. Кніга "І гэта ўсё ў табе" выдадзеная выдавецтвам "Камунікат" у Беластоку.
Паведамляецца, што Статкевіч працаваў над тэкстамі пераважна ў 2023 годзе ў ШІЗА, а пасля выхаду з ізалятара запісаў іх. Рукапісы ў палітвязня забралі перад вызваленнем, аднак аўтар узнавіў іх па памяці.
Эсэ, як пісаў Статкевіч на сваім тэлеграм-канале, прысвячаюцца пераважна маральнаму выбару.
"Пра маральны выбар лёгка разважаць у тэорыі. Значна цяжэй — калі кожнае слова, кожнае рашэнне і кожны кампраміс могуць каштаваць табе свабоды, здароўя або нават жыцця. Менавіта таму Мікола Статкевіч, як мала хто, мае маральнае права разважаць пра гэтыя тэмы", — гаворыцца ў анонсе выдавецтва "Камунікат".
Статкевіча ў 2021 годзе асудзілі на 14 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Прысуд ён адбываў у калоніі Глубокага. У верасні 2025-га яго з групай іншых палітвязняў спрабавалі вывезці ў Літву, але палітык выйшаў з аўтобуса на мяжы. Статкевіча вярнулі ў калонію, дзе ў яго здарыўся інсульт, толькі пасля гэтага яго адпусцілі на волю. Аднак даведку аб вызваленні экс-палітвязню не выдалі, таму ён не можа аформіць сабе пенсію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут