Міхаіл Козыраў: "У сраку гэтую рускую культуру, калі ў выніку выходзіць Буча"

17/06/2022 - 15:00
Міхаіл Козыраў / асабісты архіў

Міхаіл Козыраў — ініцыятар фестывалю "Нашествие", заснавальнік расійскіх радыё "Максимум" і "Наше радио", вядоўца "Дождя" — з канца лютага 2022-га жыве ў Лондане. Упершыню пасля ад'езду з Расіі Козыраў пагадзіўся даць інтэрв'ю, пагаварыў з "Новай газетай. Еўропа". Гэтае інтэрв'ю — не апраўданне. Гэта тлумачэнне. Козыраў расказвае, чым ён займаўся на самай справе і чаму ўсё скончылася катастрофай. Еўрарадыё публікуе ўрыўкі з размовы, якія, як нам здаецца, вельмі сугучныя з беларускай сітуацыяй.

— Што мы зрабілі не так, Міша? Чаму не змаглі ўтрымаць краіну ад бяды?

— Я ў страшным сне не мог уявіць, што мы акажамся вось у гэтым месцы гісторыі. Што мая краіна ініцыюе поўнамаштабную вайну, і выбухне катастрофа, якой свет не бачыў з часоў Другой сусветнай. Для мяне гэта асабістая катастрофа, мне даводзіцца распісацца ва ўласнай паразе і пахаваць усе свае ілюзіі і надзеі неяк змяніць краіну, яе культурную прастору.

Дваццаць пяць гадоў таму я думаў: "Вось зараз я напоўню эфір сапраўднымі песнямі, далучу моладзь да крутой заходняй музыкі, пастаўлю ім "Акіян Эльзы", Brainstorm, Zdob si Zdub, і адкрыюцца перад намі каморы сусветнай культуры, і станем мы лепшымі, дабрэйшымі і чалавечнейшымі...", але людзі, якія цяпер метадычна і халодна забіваюць ва Украіне жанчын, дзяцей і старых, — гэта тыя ж людзі, якія запальвалі на "МаксиДромах", тусілі на палях фестывалю "Нашествие", закахана слухалі альтэрнатыву на Радыё ULTRA і "сапраўдны рускі рок" па "Нашему радио", адкрывалі для сябе ўсе гэтыя выдатныя новыя імёны. А ў выніку ўсё канчаецца пасёлкам Буча.

Колькі ні біся, а ёсць нейкая глыбінная душэўная анкалогія, на якую хварэе мая краіна, і культура — гэта дакладна не хіміятэрапія супраць імперскага раку.

— То бок шанцаў не было?

— Поспех многіх маіх праектаў даказвае, што разлік быў правільны, проста сілы ад пачатку няроўныя. Гэта бітва, якую немагчыма выйграць. Мы жылі з ілюзіямі таго, што нешта значым і нешта мяняем, але складана нешта змяніць, калі табе супрацьстаіць уся дзяржаўная машына. Кожны раз, калі я вырошчваў на сваім агародзе якую-небудзь чарговую "Чартову дюжину" або праграму "Бикоз", дзяржава рабіла дзесяць, дваццаць, сто хадоў у адказ. Рабіла жахлівыя эстрадныя прэміі, якія раздавала адным і тым жа артыстам, гэта суправаджалася бясконцымі тэлевізійнымі п'янкамі пад пахабны шансон, "Танцамі з зоркамі", "Дамамі-2" і іншым гаўном.

Як толькі тэлеканал "Дождь" падымаў галаву, і да яго падключалася ўсё больш гледачоў, нас выбівалі з кабеля, высялялі з чарговага офіса і ў выніку загналі ў гета. У гэтым маленькім свеціку нам было ўтульна, я бачыў вакол сваіх, мы гаварылі на адной мове, разумелі адно аднаго з паўслова. Мы жылі з адчуваннем, што пекла дзесьці побач, але за плотам, не ў нашых ньюсрумах, не на нашых канцэртных пляцоўках. Дзесьці там, асобна ад нас, капаюцца на тэлевізійным экране гэтыя прапагандысцкія гніды, якія прадалі сваё сумленне дзеля нішцякоў ва ўладзе, але гэта ўсё паралельнае жыццё, якое на нас ніяк не адаб'ецца і ніяк нас не закране.

Мы памыліліся: закранула і адбілася. У нейкі момант у выграбную яму, ад якой мы былі, як нам здавалася, аддзеленыя сцяной, улада кінула дрожджы, яма паднялася і знесла нахран усё, на чым грунтавалася нашае крохкае жыццё. Нас накрыла з галавой. І цяпер, з пункту гледжання жыхароў краіны, у якую мы ўварваліся, я аказаўся такім самым дзярмом, як Уладзімір Салаўёў ці Антон Красоўскі. Мне цяпер усё жыццё ад гэтага адмывацца. Гэта зневажальная доля, у якой я сам вінаваты.

Міхаіл Козыраў / з асабістага архіва

— Але ж ты супраціўляўся.

— Значыць, кепска супраціўляўся, трэба было мацней. Начамі, утаропіўшыся ў столь, я думаю, што можна было б зрабіць інакш. Вось, дапусцім, у канцы мінулага года да мяне ў эфір прыйшлі Гарык Сукачоў і Саша Скляр. І я ім не задаў ніводнага вострага пытання, я лічыў, што гэта падстава: запрасіў пагаварыць пра іх новы альбом, а тут пачну дапытвацца ў Гарыка: "Чаму ў цябе вытатуяваны на грудзях Сталін?", а Сашу Скляру задаваць пытанне: "Чаму ты звар'яцеў ад вучэння псеўдафілосафа Дугіна?" Хоць трэба было пытаць менавіта гэта, трэба было з імі спрачацца, паказваць іх гледачу ва ўсім непрывабным выглядзе, каб ступень павагі зніжалася, каб людзі зразумелі, што ёсць нешта глыбока заганнае ў тым, што аўтар іх любімых песень, таленавіты чалавек, носіць на грудзях партрэт Сталіна! Людзі мусілі ўсвядоміць, што Саша Скляр ужо даўно не піша добрых песень, усе свае найлепшыя песні ён напісаў яшчэ ў часы "Ва-банка". Яго талент скончыўся, як толькі праз галаву прайшла "дуга Дугіна"…

Дарэчы, гэта характэрна для ўсіх тых, хто падтрымлівае Z-аперацыю і ездзіць у туры "Zа Родину" — гэта ўсё рэальна творчыя абсосы, якія не напісалі за апошнія дзесяць-дваццаць гадоў ніводнай добрай песні, ніводнага хіта, супастаўнага з тым, што яны пісалі ў свае маладыя гады.

Ёсць агідны выраз "збітыя лётчыкі", але калі паглядзець на склад гэтых канцэртаў — ніводнага важнага артыста, які вытрымаў выпрабаванне часам, там няма. Гэта рэальная ганьба!

— Як ты думаеш, што імі рухае?

— Кімсьці — меркаванні выгады: больш з'яўленняў на тэлебачанні, больш канцэртаў, больш публічнай прысутнасці, за гэта яны прадаюць сваё сумленне. Кімсьці — страх, боязь за свае даходы, за сваё становішча. Бабло, камфорт і блізкасць да ўлады аказаліся значна больш небяспечнымі спакусамі, чым слава, алкаголь і наркотыкі. Са славай, алкаголем і наркотыкамі рок-н-рол у асноўнай сваёй масе справіўся, а вось з гэтай трыядай не змог. Але галоўнае, што штурхае іх на бесчалавечны мілітарысцкі шлях, — адчуванне свайго творчага тупіку. Не скажу, што ў іх няма таленту, не, ім было шмат дадзена, але ад канчаткова звар'яцелі і заключылі ўгоду з д'яблам Вадзіма Самойлава і Юлі Чычэрынай да вялых абсосаў кшталту "Джанго" ці якога-небудзь гурта "Послезавтра" — усё гэта спісаныя артысты, творчыя імпатэнты, чые найлепшыя дні прайшлі.

Спытай любога, табе назавуць адну-адзіную песню, з якой яны 25 гадоў таму пачалі. Юлія Чычэрына — "Ту-лу-ла, ветром в голову надуло", "Ума Турман" — "Девушка Прасковья из Подмосковья", 7Б — "Молодые ветра". Што істотнага напісана пасля гэтага? Вось яны і падстаўляюць сабе ўра-патрыятызм як мыліцу.

Я не маю права асуджаць людзей за нявыказаную пазіцыю, за маўчанне, за несупраціўленне злу, але я даю сабе права асуджаць тых, хто стаў на бок зла. Мой гнеў накіраваны супраць артыстаў, якім я ў свой час дапамагаў, і дапамагаўся да таго, што яны сталі вялікімі зоркамі. Гэтыя людзі абавязаныя маім радыёстанцыям тым, што ў іх у прынцыпе была кар'ера. Маёй задачай было даць кожнаму з іх шанец, я даў, а цяпер яны ездзяць у крывавыя туры, і гэта мой асобны боль, напэўна, ужо да канца жыцця.

Міхаіл Козыраў і Барыс Грабеншчыкоў

— Што думаеш пра адмену рускай культуры?

— Нічога. Я думаю, што гэта не тая тэма, пра якую наогул дарэчна цяпер казаць. Усе гэтыя бясконцыя дыскусіі пра лёсы рускай культуры здаюцца мне нейкім скоцтвам, калі я думаю пра маіх сяброў ва Украіне. У маёй жонкі Насці бацькі родам з Севераданецка, кватэра, якая ў іх там была, разбураная, яе больш няма. Першыя тыдні вайны мы займаліся тым, што выцягвалі адтуль стрыечных сясцёр, пляменнікаў, братоў, сяброў. Некаторых мы здолелі вывезці з краіны, некаторых — перавезці ў больш бяспечнае месца, з некаторымі сувязь пастаянная, з некаторымі перарывістая, таму што яны пад бамбёжкамі. І кожны раз, калі я натыкаюся на чарговы срач з нагоды адмены рускай культуры... усё гэта рэальна нейкая пошлая недарэчная бздура ў параўнанні з тым, што мае сябры і сваякі некалькі тыдняў жылі ў склепе, ратуючы сваіх дзяцей ад голаду і смагі. Гэтыя нашы рэфлексіі цяпер нахран нікому не патрэбныя — трэба проста маўчаць у анучку, таму што мы выглядаем як бяздушныя жывёліны ў дачыненні да ўкраінцаў.

— Скардзіцца сорамна, тут я з табой згодны. Але немагчыма не думаць пра тое, што з намі будзе далей. Мы ў эміграцыі. На які тэрмін — незразумела, думаю, што на доўгі, можа быць, назаўжды. І ў нас два выхады, дзве стратэгіі. Адбудоўваць тут паралельную Расію, не пуцінскую, нармальную. Або інтэгравацца ў навакольны свет.

— Адбудоўваць Расію — гэта мяне мала цікавіць. Мне трэба адбудаваць будучыню сваіх дзяцей. І я спадзяюся, што ў іх дзесяцігадовым узросце інтэграцыя ў вялікі свет у іх пройдзе лягчэй, чым у мяне. Мне цяпер вось гэта важна, а не лёсы рускай культуры. Ну яе ў сраку, гэтую рускую культуру, калі ў выніку выходзіць Буча. Пры гэтым для мяне ніколі не будзе культуры больш блізкай і роднай, я адрозніваю ў ёй найменшыя нюансы, найтанчэйшыя змены інтанацыі, пазнаю адразу цытаты з фільмаў, мультфільмаў і кніг... я яе адчайна, хваравіта, безнадзейна люблю! Але калі на адной чашцы шаляў лёс маіх дзяцей, а на другой — лёс рускай культуры, зразумела, што я выберу дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі