“Маё любімае слова — “каханне”. Чаму паліглот з Бразіліі вывучыў беларускую мову

02/05/2023 - 15:40
“Мая дзяўчына — беларуска, і я вырашыў, што калі я больш даведаюся пра Беларусь, змагу лепей разумець кантэкст яе жыцця” / Euroradio

Элізеў нарадзіўся ў Бразіліі, але ўжо тры гады жыве ў Польшчы. Ён фаловіць Еўрарадыё ў інстаграме, слухае стэндапы Славы Камісаранкі, а адна з яго ўлюблёных беларускіх спявачак — Паліна.

Элізеў працуе ў IT, гаворыць на больш чым дзесяці мовах і вядзе лінгвістычны падкаст. Мы некалькі разоў перапытваем, не давяраючы сваім вушам, калі ён кажа:

— Я вучу беларускую мову шэсць тыдняў.
— Можа, месяцаў?
— Не-не, тыдняў! — запэўнівае бразілец. — Мая дзяўчына — беларуска, і я вырашыў, што калі я больш даведаюся пра Беларусь, змагу лепей яе разумець. Разумець кантэкст яе жыцця. Сама яна не размаўляе па-беларуску. Але, можа, калі я вывучу вашую мову, змагу матываваць і яе загаварыць на ёй.

Якое любімае слова Элізеў па-беларуску і ці можа ён праз шэсць тыдняў вывучэння вымавіць “Шчучыншчыну”? Чытайце размову з беларускамоўным бразільцам.

“Беларусы фаловяць мяне ў інстаграме, а сябра адвёў на дранікі”

Калі Элізеў толькі прыехаў у Польшчу, ён нічога не ведаў пра Беларусь. Нават не ўяўляў дакладна, дзе яна знаходзіцца. А пасля ў яго з’явілася сяброўка з Беларусі. Тады ён шмат даведаўся пра нашу краіну — але вучыць пачаў не беларускую, а рускую мову. Пасля да рускай дадалася ўкраінская.

І толькі гэтай вясной Элізеў вырашыў кінуць сабе выклік: паглядзець, як хораша ён зможа авалодаць беларускай мовай. І даў сабе на гэта ўсяго толькі тры месяцы.

— Тое, што пачало адбывацца далей — фантастычна! Цяпер беларусы фаловяць меня ў інстаграме, яны пытаюцца, ці патрэбная мне дапамога ў вывучэнні мовы, прапаноўвалі пагаварыць са мной па-беларуску. Гэта вельмі міла.

А ўчора мой сябра спытаў: ты ўжо еў дранікі? Я кажу: не. Ён: добра, адвяду цябе ў Beer Station [беларускі бар у Варшаве — Еўрарадыё]. Маўляў, там лепшыя дранікі ў горадзе. І гэта было — ваў. Вельмі смачна. Мне спадабалася.

Гэта фантастычны вопыт. Спачатку я вывучаў вашую мову як выклік, як challange. Але цяпер усё інакш: гэта вопыт. Вопыт стасункаў з людзьмі, вопыт з новай кухняй.

У Элізеў шмат сяброў у розных краінах, і цяпер ён можа расказаць ім пра Беларусь / instagram.com/eliseurjr

— Аднойчы я пачну чытаць кнігі па-беларуску, але пакуль чытаю навіны — напрыклад, Еўрарадыё. І з навінаў я даведваюся пра кантэкст жыцця ў Беларусі.

Я гляджу вашыя відэа на ютубе, гляджу і іншыя беларускія медыя. Але таксама мне падабаецца беларускі стэндап: напрыклад, Слава Камісаранка.

З музыкаў мне падабаюцца Iva Sativa і Palina. Наўпрост цяпер у мяне дзве любімыя песні: “Дадому” ад Iva Sativa і “Як ты” ад Паліны. Памятаю, калі я першы раз паслухаў “Як ты”. Гэта быў важны момант для мяне. Да яго я не ведаў, што магу разумець беларускую мову.

"Гэта быў важны момант для мяне. Да яго я не ведаў, што магу разумець беларускую мову".

“Беларусь — гэта не толькі “бульба” і “Лукашэнка”

Калі Элізеў гаворыць па-беларуску, людзі думаюць, што ён беларус. Калі ён гаворыць па-ўкраінску, прымаюць за ўкраінца.

— І толькі калі я гавару па-руску, людзі чамусьці пытаюцца: “Ты з Узбекістана?” Цікава, — дзеліцца з намі назіраннямі Элізеў.

Часам беларусы пішуць яму ў інстаграме і прызнаюцца, што бразілец матывуе іх саміх размаўляць на роднай мове. Гэта асаблівая радасць для яго.

— Я нарадзіўся ў Бразіліі і размаўляю па-партугальску. Але партугальская — гэта не мова Бразіліі. Гэта мова каланістаў. У Бразіліі амаль не гавораць на мове карэннага насельніцтва. Але ж вельмі важна пачаць гаварыць на сваёй мове.

Ведаеце, я люблю мовы. І лічу, што нельга распавесці гісторыю краіны на замежнай мове. Так, добра, калі людзі ведаюць ангельскую, ведаюць рускую, але нашая родная мова заўсёды найважнейшая.

Элізеў / Euroradio

Я ўпэўнены, што ўсе беларусы ведаюць сваю мову, могуць пачаць размаўляць на ёй, хоць і крыху павольна. Я рэкамендую, каб пачаць свабодней гаварыць па-беларуску, пачаць для пачатку чытаць услых.

Да таго ж, упэўнены, у кожнага беларуса ёсць сябар, які можа свабодна гаварыць па-беларуску. Скажыце яму, што хочаце больш практыкі — і пачынайце гаварыць.

Сам Элізеў не проста размаўляе па-беларуску. Ён размаўляе па-беларуску пра Беларусь.

— Я намагаюся расказваць сваім сябрам-замежнікам не толькі пра палітыку. Людзі амаль нічога не ведаюць пра Беларусь, а Беларусь — гэта не толькі “Лукашэнка” і “бульба”. Гэта вельмі прыгожая краіна, з прыгожай культурай, з прыгожай мовай. Беларусы, якіх я сустрэў — фантастычныя людзі, артыстычныя людзі.

— Дарэчы, а вашыя сябры цікавяцца ў адказ Бразіліяй? Ці прасілі яны навучыць іх прынамсі партугальскай мове?

— Хм. Не памятаю такога. Але калі нехта з беларусаў захоча вывучыць партугальскую — я магу дапамагчы, як цяпер усе беларусы дапамагаюць мне з беларускай.

Я люблю дапамагаць людзям вучыць мовы, бо гэта не так цяжка, як яны думаюць.
 

Выклік для паліглота на дзень народзінаў

Элізеў гаворыць па-партугальску, па-іспанску, па-каталанску, па-італьянску, па-нямецку, па-французску, па-руску, па-польску, па-венгерску і па-ўкраінску. І абяцае, што хутка і па-беларуску загаворыць свабодна. І тады прысвеціць ёй асобны выпуск свайго лінгвістычнага падкаста.

А пакуль можаце паслухаць пра яго вопыт вывучэння моваў тут. Раптам і вы адчуеце, што загаварыць на замежных мовах не так і цяжка. Ці, можа, вам захочацца следам за Элізеў загаварыць па-беларуску?

Сам жа паліглот ужо плануе кінуць сабе новы выклік. На свой дзень народзінаў ён плануе пачаць вывучаць кітайскую мову.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі