Маленькія “Бруснічкі” сыдуць у “Хіт”, а вялікія — ў “Еўраопт”

04/03/2019 - 11:47

У Беларусі зачыняюцца танныя харчовыя крамы “Бруснічка” — сетка дыскаўнтараў, якая належыць ТАА “Еўраторг”. Сайт brusnika.by парадаксальна заяўляе, што “"Бруснічка" сёння — гэта 1 крама”. А на інтэрактыўнай мапе Беларусі адлюстравана ўсяго сем аб’ектаў гэтай яшчэ нядаўна вялікай гандлёвай сеткі.

Што адбываецца з дыскаўнтэрамі “Еўраторга”? Афіцыйных каментарыяў прадпрыемства пакуль не дае:

“У нас пакуль няма каментарыя наконт гэтай інфармацыі, — просіць пачакаць кіраўнік прэс-службы ТАА “Еўраторг” Ягор Хрусталёў. — Хутка будзе афіцыйная заява, тады зможаце на гэтую заяву спаслацца. З’явіцца на афіцыйным сайце цягам бліжэйшых дзён, можа, нават сёння”.

Не атрымалася даведацца пра будучыню “Бруснічак” і на гарачай лініі. Там на пытанні аб развіцці гандлёвай сеткі не адказваюць.

Маленькія “Бруснічкі” сыдуць у “Хіт”, а вялікія — ў “Еўраопт”

Пра сітуацыю з “Бруснічкай” Еўрарадыё неафіцыйна распавёў адзін з супрацоўнікаў ТАА “Еўраторг”:

“Першапачаткова быў толькі адзін фармат — “Еўраопт”. У ім былі ўсе крамы, і гіпермаркеты, і супермаркеты, і іншыя, а на фасадах малявалі памер крамы праз плюс. Напрыклад, “++++” — гіпермаркет, а “++” — крама каля дома.

Наступны этап — падзел крамаў на асобныя брэнды ў залежнасці ад фармату крамы. “Е-сіці” — гіпермаркеты, “Еўраопт” — гэта супермаркеты. З'явілася “Бруснічка”. Гэта быў першы досвед адкрыцця "мяккага дыскаўнтара"”.

За апошнія пяць гадоў ТАА “Еўраторг” адкрыла 630 крамаў: 30 гіпераў, 155 супермаркетаў, 445 крам каля дома. То бок, 70% новых крамаў адчыненыя ў “дамашнім” варыянце. “Крама каля дома” памерам да 800 квадратных метраў, размешчаная ў спальным раёне, апынулася найбольш выгадным фарматам.

Як распавядае крыніца Еўрарадыё, ёсць міжнародны трэнд на зніжэнне памераў крамы. Рынак праходзіць чатыры стадыі: пачатковая, пранікнення, насычэння, сталасці. Гіпермаркеты ў лідарах па долі ў абароце на пачатковай і стадыі пранікнення, а потым ідзе рост супермаркетаў і дыскаўнтараў.

“Цяпер кіраўніцтва ТАА “Еўраторг” эксперыментуе з фарматам, зразумелым для ўсіх, бо “Бруснічка” блыталася з “Еўраоптам”, і з яе не атрымалася зрабіць дыскаўнтар. І далей, хутчэй за ўсё, будзе так: “Е-сіці” (гіпермаркеты), “Еўраопт” (супермаркеты), “Еўраопт” (ці нешта новае — крамы каля дома), “Хіт! Экспрэс” (дыскаўнтары). Таму што прысутнасць адначасова двух брэндаў у сегменце дыскаўнтара бессэнсоўная. Таму цяпер маленькія “Бруснічкі” (да 300 квадратаў гандлёвай плошчы) сыдуць у “Хіт”, а вялікія — ў "Еўраопт"”.

Еўрарадыё чакае афіцыйную заяву ТАА “Еўраторг”.

(будзе дапоўнена)

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі