Максімкаў: Міхалок — адзіны, хто можа манетызаваць "Еўрабачанне"

07/12/2016 - 10:57

У 20-х чыслах студзеня ў Беларусі выберуць артыста, які паедзе на "Еўрабачанне-2017". Праўда, большасць фіналістаў — нікому не вядомыя маладыя артысты. Аднак гэта не бяда, мяркуе прадзюсар Уладзімір Максімкаў і разважае, чаму беларускія выступоўцы пакідаюць на "Еўрабачанні" не найлепшае ўражанне, як ачысціць гісторыю з журы і выбарам пераможцы і што будзе, калі дзяржава адмовіцца ад сваіх любімых артыстаў.

Цікавыя цытаты: 

Ажыятаж вакол "Еўрабачання" тлумачыцца тым, што ў краіне фактычна няма музычных падзей, прынамсі, на афіцыйнай эстрадзе. Я нават такі жарт прыдумаў: "Хацеў бы запрасіць вас на прэзентацыю першай ноты сваёй новай песні, але пакуль яшчэ яе не напісаў".

Ёсць ілюзія ў нашых папулярных артыстаў, маўляў, калі з'ездзіш на "Еўрабачанне", то станеш папулярным і багатым. Гэта ілюзія. А яны ёй жывуць.

Чаму на адборы не было мэтраў? Большая частка з іх пабойваецца, таму што ў глыбіні душы яны разумеюць, што таксама выглядаюць даволі недарэчна і дзіўна ў сваіх прэтэнзіях на еўрапейскую арэну. Іншыя не ўдзельнічаюць, бо ўжо занадта лічыць сябе мэтрамі.

Міхалок — гэта вышэйшая ліга і ён, дарэчы, мог бы паўдзельнічаць у "Еўрабачанні", нягледзячы на тое, што ён з вышэйшай лігі. Бо Міхалок — абсалютна геніяльны менеджар, апроч музыкі, і ён можа шмат карыснага выцягнуць з гэтага конкурсу з пункту гледжання прамоўшана, павелічэння сваёй мэтавай аўдыторыі, будучых канцэртаў. Ён і яго каманда гэта б манетызавалі.

Нашы артысты прадаюць свае ўменні. Гэта як я на заводзе я прадаю сваё ўменне выточваць дэталі, і за гэта атрымліваю нейкі агавораны заробак. А артыст прадае ўменне адкрыць рот і праспяваць ноту, і за гэта таксама атрымлівае заробак. Прычым тут бізнес?

Адбор ператвараецца ў прагляд дасягненняў музычнай самадзейнай гаспадаркі, і любому артысту трэба патраціць нейкую колькасць грошай на песні, аранжыроўкі, касцюмы і нумар. А ў выніку мала хто верыць, што некага адбяруць па аб'ектыўных крытэрыях. Крытэрыі настолькі размытыя, што зразумець логіку адбору немагчыма. Можна таталізатар ладзіць, гэта нават забаўна.

Можна аддаць галасаванне на нацыянальным адборы на аўтсортынг нейкай незалежнай кампаніі, нават замежнай, каб проста павысіць давер. То бок, замежная юрыдычная кампанія адсачыла б сумленнасць галасавання ад пачатку да канца. Мы б аднойчы правялі такое галасаванне, і ачысціліся б ад усёй гісторыі нібыта несумленных выбараў і нібыта некампетэнтнага журы.

Трэба адправіць туды некага ну зусім адвязнага, нармальных маладых людзей, якія выглядаюць як людзі свету, якія будуць там з усімі сябраваць, жартаваць і хуліганіць. Каб убачыўшы іх на экране, усе сказалі: "Ну што, добрыя прыемныя людзі".

Варанко добры артыст, але ўжо перароблены. Добры трэш мусіць быць лёгкім, ён мусіць быць нібыта імгненна народжаны. А яго нумар штучны, занадта прыдуманы.

Для мяне вялікая загадка, хто выбірае тых, хто едзе на конкурс. І скажу, чаму. Я ж некалькі гадоў быў у журы! Сам быў у журы, і мне падавалася, што я выбіраў нейкіх прыстойных людзей, хаця ўвесь час ехалі іншыя. Пры гэтым, усё было празрыста. Пратаколы, людзі... Хачу развеяць гісторыю, што нехта нешта купляе і дамаўляецца. Ну вось напрамую гэтага ніколі не было, паверце!

Значыць, у нас такія густы. Мы можам выпендрывацца, і казаць, што не, мы та разумеем. Але калі мы збіраемся кучкай, усё ўсярэдніваецца і ператвараецца ў балаган.

Няма ніякага фармату на "Еўрабачанні". Гэта конкурс самадзейнасці. І выігрываць заўсёды будзе нечаканае рашэнне. Ні пралічыць гэта, не стварыць выйгрышны нумар немагчыма.

У андэграўндзе больш сапраўдных артыстаў. Калі б адміністратыўны рэсурс не выкарыстоўваўся, калі б сказалі, што ўсё, хлопцы, вось гэтая ваша эстрада, уся цалкам, нас не цікавіць, вы вазіцеся тут самі як хочаце, вось вам усім гастрольныя пасведчанні, самі запаўняйце, грошай на вас не будзе, у тэлевізар браць не будуць, дзяржаву вы не цікавіце. Вось у такой сітуацыі мы б дакладна ўбачылі, хто б рвануў, а хто б застаўся ў аўтсайдэрах.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі