Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

13/07/2018 - 11:18

Трымаў "рабоў" у хлявах, патрабаваў грошы за іх свабоду, пагражаў ім і іх сваякам, прымушаў прасіць міласціну, а ўсе грошы забіраў сабе. Пакуль што падазраваны ў гэтых злачынстве 24-гадовы жыхар Магілёва абвінавачваецца толькі ў вымагальніцтве. Даказаць астатняе складана — запалоханыя людзі не хочуць размаўляць...

"Дома ў пацярпелага знайшлі цэлую банку дробязі — прыкладна сто рублёў. А яшчэ плакат з заклікамі аб дапамозе дзіцяці і інвалідныя каляскі, — каментуе Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Адкуль столькі дробных грошай? Навошта ўсё гэта? Пакуль мужчына абвінавачваецца толькі ў вымагальніцтве. Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якіх ён мог прымушаць на сябе працаваць".

Усё гэта працягвалася каля паўгода. Па словах аператыўнікаў, спосабы жабравання мяняліся: хтосьці збіраў грошы на лячэнне хворых дзяцей, хтосьці прасіў міласціну для сябе — у інваліднай калясцы. Геаграфія злачынстваў шырокая: не толькі Магілёў, але і Мінск, Гомель, Барысаў.

"Рабоў" магілёвец расстаўляў каля буйных гандлёвых цэнтраў, цэркваў, падземных пераходаў. Кожны дзень міласціну прасілі два-тры чалавекі. За дзень яны збіралі да ста рублёў.

Афіцыйна грошы для хворай дзяўчыны з плаката збіралі толькі праз інтэрнэт

З плаката, знойдзенага ў гаспадара рабоў, на нас глядзіць дзяўчынка. Гэта Ліза Дунчык. Як яе фота трапіла да зламысніка? У Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Еўрарадыё пацвердзілі, што сям'я Дунчык сапраўды мела патрэбу ў дапамозе. Але было гэта ў 2011 годзе, а грошы для дзяўчынкі збіралі толькі праз інтэрнэт.

"У 2011 годзе грошы пералічваліся на рахунак, які быў адкрыты ў нашай арганізацыі. Сабраць на апарат нам не ўдалося, — узгадвае старшыня Лунінецкай гарадской арганізацыі ГА "БелАДДІіМІ" Васіль Ярмольчык. — Інфармацыя пра Лізу была толькі на сайце, але яе ўжо, хутчэй за ўсё, выдалілі за тэрмінам даўнасці. Таму тое, што плакат знялі з якой-небудзь сцяны, нерэальна".

Цяпер Лізе 22 гады. Яна адчувае сябе нармальна. Афіцыйна грошы для яе ніхто не збірае. А адзінае, у чым яна мае патрэбу, — блэндэр. Дзяўчыне неабходнае здробленае харчаванне, а стары блэндэр зламаўся.

 

"Жанчын затрымалі пад крамай. Я пацвердзіў, што дазволіў збіраць грошы"

Бацька Лізы Віталь Дунчык распавядае Еўрарадыё іншую гісторыю:

"У 2011 годзе, пасля, таго як у інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра нашу праблему, са мной звязалася жанчына, прадставілася Марынай, сказала, што хоча дапамагчы збіраць грошы па баптысцкай лініі, папрасіла копію фатаграфіі Лізы з пасведчання. Я даслаў. Некалькі разоў паштовым пераводам атрымліваў па 100-200 тысяч на старыя грошы. Потым тэлефанавала яшчэ адна жанчына, сказала, што ад Марыны. Прасіла выслаць пасведчанне або яго копію, я сказаў, што нічога высылаць не буду.

Яшчэ неяк тэлефанавалі, не памятаю, з Магілёва ці Гомеля, сказалі, што жанчын затрымалі пад крамай. Папрасілі пацвердзіць, што я даваў дазвол на збор грошай. Я пацвердзіў. Там нагадалі, што збіраць грошы можна выключна афіцыйна, праз арганізацыю. Пасля гэтага сувязь перарвалася. Ніякіх грошай я больш не атрымліваў".

Васіль Ярмольчык кажа, што часта бачыць каля крам і цэркваў людзей з плакатамі, якія збіраюць грошы на аперацыі.

"Я заўсёды ўважліва чытаю, пра каго там ідзе гаворка. Яшчэ ні разу не заўважаў, каб хтосьці стаяў з просьбай дапамагчы нашым падапечным. Наогул, трэба разумець, што людзі, якія стаяць ля крам, ніколі ў жыцці не назбіраюць па капейчыне на дарагое лячэнне. Хутчэй за ўсё, усе сабраныя грошы пойдуць на іншыя мэты".

Цалкам магчыма, што плакатам з фатаграфіяй Лізы Дунчык ўжо некалькі гадоў падманваюць чуллівых людзей. Ці маюць памочницы з 2011 года дачыненне да гісторыі з магілеўчанінам, падазраваным у эксплуатацыі людзей, пакуль незразумела.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі