“Лямпы — яны разнастайныя”. Ідзём у госці да хлопчыка з сіндромам Аспергера

27/07/2018 - 09:11

Знаёмцеся — гэта Кастусь Жыбуль, яму 12 гадоў. Хлопчык свабодна размаўляе на беларускай і рускай мовах і навучаецца дома па агульнаадукацыйнай праграме. А яшчэ малюе, піша казкі, вершы і нават п'есы. У яго сіндром Аспергера — гэта самая лёгкая з форм аўтызму.

 

Упершыню мы ўбачылі Кастуся падчас прэм'еры спектакля "Аднойчы ў вялізным горадзе" інклюзіўнага тэатра "і": ён выконваў ролю хулігана. А крыху раней тэатр паставіў п’есу “Чыгунка”, якую напісаў Кастусь.

 

"Я напісаў 35 казак, а можа, больш. 20% казак становяцца п'есамі. Калі спектакль ставяць на сцэне, мне бывае радасна. І як дзеці ролі выконваюць, таксама радасна”, — распавядае Еўрарадыё Кастусь. Мы сядзім у цеснай хрушчоўцы ў раёне Трактарнага завода, дзе Кастусь жыве з бацькамі, малодшым брацікам Эрыкам і дзедам.

Кастусь — сын беларускіх літаратараў Віктара і Веры Жыбуляў. Пра дыягназ сына бацькі даведаліся, калі хлопчыку было чатыры гады, і яго паходы ў садок былі сапраўдным выпрабаваннем.

 

“Калі з'явіўся дыягназ, стала зразумела, што з ім рабіць, дзе браць інфармацыю. Мне палегчала. Цяжка з ім было ў садку, ён там знаходзіўся тры гадзіны на дзень, але мне самой было прасцей. Калі вораг мае імя, з ім можна змагацца", — кажа Вера Жыбуль.  

У адрозненне ад гарэзлівага і хуткага Кастуся яго мама пакідае ўражанне вельмі спакойнага і мудрага чалавека

Па словах маці, Кастусь разумны, і ў яго цудоўная фантазія. Хлопчык без пытанняў засвойвае школьную праграму. Пакуль хоўмскуліг — аптымальны варыянт, бо яго гіперактыўнасць, няўменне засяроджвацца і жаданне размаўляць выключна пра тое, што яму цікава, не вітаюцца ў звычайнай школе. Адзіны асяродак, дзе Кастусь камунікуе з дзецьмі, — тэатр.

“У школе дзеці мусяць падпарадкоўвацца пэўнай дысцыпліне. Калі нехта з нейкай прычыны гэтага не робіць, да яго не ўзнікае пытанняў накшталт, чаму ты, бедненькі, не можаш? А узнікае пытанне, як цябе хутчэй адтуль прыбраць, каб ты не замінаў вучыцца іншым ці працаваць настаўніку, — тлумачыць Вера Жыбуль. — Гэта не жорстка, гэта тое, што мы пакуль што маем. У тэатры такога няма. Усе ведаюць, як могуць паводзіць сябе гэтыя дзеці, усе ім прабачаюць. Унікальна, што педагогі навучыліся арганізоўваць працоўны працэс з гэтымі асаблівасцямі, нават перашкодамі. Але там творчыя заняткі. Нешта ствараецца. Калі Кастусь мае нейкае індывідуальнае заданне, а роля — гэта заўсёды індывідуальнае заданне, ён працуе. Ён можа хутчэй стаміцца ад перапынкаў паміж працай, чым ад уласна працай над сваёй роляй”.

Вера кажа, што звычайна Кастусь цішэйшы. Але калі прыходзяць госці, ён становіцца шумным

Пакуль мы размаўляем, Кастусь вучыцца запальваць свечку і шукае цацкі маленькага Эрыка, пра якія напісаў вершы. Ён дакладна ведае, дзе якая знаходзіцца, і ўзважвае іх на маленькіх электронных вагах. Вера кажа, што асаблівых маральных цяжкасцяў у стасунках з сынам не мае: такія дзеці вельмі прадказальныя, і калі ведаць, як і на што яны рэагуюць, можна выбудаваць стратэгію ўзаемадзеяння.

 

“Такія дзеці вельмі наіўныя і насамрэч добрыя, — працягвае мама хлопчыка. — Ён можа правакаваць, казаць дрэнныя словы, хоць і ведае, што гэта бацькам не падабаецца. Але робіць ён гэта без зла, проста хоча выклікаць эмоцыю. Камунікаваць інакш ён не ўмее. Калі гэта разумець, то стасавацца з ім не так ужо і складана. Гэта чалавек, у якім насамрэч шмат любові, яму самому няпроста. Яго трэба падтрымліваць і прабачаць”.

З Кастусём у нас атрымалася пасябраваць. Яму падабалася, што яго здымаюць на відэа

На развітанне Кастусь распавядае, што вельмі любіць гуляць у камп’ютарныя гульні і ставіць рэкорды. Адзін з яго самых любімых заняткаў — разглядаць лямпы ў пад’ездах:


 

“Лямпы — яны разнастайныя. Бываюць грушы, кабачкі, грушы ў кратах, сліўкі. Мне цікава, на якім паверсе якая лямпа ўкручаная і які там плафон. У маім пад'ездзе на першым паверсе лямпа-палосачка, на другім — лямпа-спіралька, на трэцім — лямпа-дыёдзік-грушка, на чацвёртым — лямпа-кабачок гарыць халодным святлом. А на пятым — лямпа-груша. Лямпы мне падабаюцца, бо мне цікава, што адчувае чалавек, які жыве ля гэтых лямпаў”.  
 

Канцэптуальныя малюнкі Кастуся
Кастусь кажа, што часам любіць гуляць з малодшым брацікам Эрыкам. Звычайна яны бавяцца цацкамі, якіх у доме Жыбуляў вельмі шмат
Ля школы, да якой прыпісаны Кастусь

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі