Лукашэнку перадалі праект бюджэту на 2019 год

02/10/2018 - 17:53

На разгляд кіраўніка Беларусі перададзены праект бюджэту на 2019 год. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са слоў міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.

Пасля разгляду ў Аляксандра Лукашэнкі праект бюджэту перададуць дэпутатам. Ермаловіч спадзяецца, што на працягу кастрычніка-лістапада ўдасца вырашыць усе працэдурныя пытанні і праект паступіць у Палату прадстаўнікоў. Мяркуецца, што бюджэт будзе прыняты да 1 студзеня 2019-га.

Сярэднегадавы курс долара ЗША, закладзены ў праекце бюджэту, роўны 2,2160 рубля. Інфляцыя ў наступным годзе, як мяркуецца, складзе 5,3%, ВУП вырасце на 2,1%, стаўка рэфінансавання складзе 10% гадавых, кошты на нафту — 60 долараў за барэль.

Паведамляецца, што падаткі ў 2019 годзе не перавысяць ўзровень, прадугледжаны ў праграмных дакументах сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку.

Даходы кансалідаванага бюджэту на будучы год прагназуюцца ў суме 36,6 мільярда рублёў (101,6% да ацэнкі даходаў гэтага года), а рэспубліканскага бюджэту — 23,5 мільярда рублёў (100,1%). Гэта тлумачыцца больш кансерватыўным коштам нафты на 2019 год, а таксама расійскім нафтавым падатковым манеўрам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі