Лукашэнка заявіў, што адкрыў таямніцу беларускай апазіцыі

30/01/2020 - 11:28

30 студзеня падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка прыгадаў беларускую апазіцыю. Нагодай стала прызначэнне Ігара Кудрэвіча на пасаду дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта. Лукашэнка прыгадаў, як раней працаваў дэпартамент і анансаваў змены ў яго дзейнасці. Ён патлумачыў, чаму вырашыў замкнуць на сабе працу структуры.

Ад гуманітарнай дапамогі з замежжа Беларусь не магла адмовіцца, паколькі адтуль ішла дапамога чарнобыльцам, дзецям, кажа кіраўнік дзяржавы. Пасля льготы атрымалі спартсмены, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і г. д.

"Але што я заўважыў гадоў дваццаць таму, можа, нават больш: гуманітарнай дзейнасцю ў нас больш за ўсё займалася апазіцыя, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — І яны на працягу аднаго года сталі багатымі. Яны тут хадзілі па вуліцах, гвалтам крычалі. Адкуль грошы?".

Па словах Лукашэнкі, адпаведныя службы пачалі вывучаць пытанне і высветлілі, што прычына ў гуманітарнай дапамозе. Нібыта, "некаторыя "свядомыя" грамадзяне" імгненна сталі заможнымі "20-25 гадоў таму".

"І тады я ўзяў пад кантроль гэта пытанне — калі гуманітарная дапамога накіроўваецца ў краіну чарнобыльцам, яна павінна дайсці да чарнобыльцаў, — распавядаў беларускі кіраўнік. — І такую ​​гуманітарную дапамогу мы вызвалялі ад падаткаў".

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што калі ў краіну прыходзяць грошы з-за мяжы на фінансаванне палітычнай дзейнасці, то гэта ўжо не гуманітарная дзейнасць і гэтыя сродкі нельга вызваляць ад падаткаў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што дапамога апазіцыі ішла непразрыста — праз Польшчу і Літву: "чамаданамі спрабуюць ўвезці грошы ў Беларусь". "Мы гэта спынілі", — сцвярджае Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі