Лукашэнка загадаў выканаць яго перадвыбарныя абяцанні

26/05/2016 - 12:01

Будучы пяты Усебеларускі народны сход праводзіцца не дзеля піяру, а для таго, каб выпрацаваць стратэгію развіцця краіны на пяцігодку. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 траўня на нарадзе па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Гэты дакумент будзе абмяркоўвацца на Усебеларускім народным сходзе, перадае прэс-служба Лукашэнкі.

"Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам. Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба зарыентаваць грамадства. І гэта будзе адкрытая размова улады з прадстаўнікамі народа", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Ён запатрабаваў выканаць усё, што было абяцана ў перадвыбарчы перыяд падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.

"Стратэгічныя мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву і меры па іх рэалізацыі вызначаны. Тое, што мы абяцалі людзям у перадвыбарчы перыяд, павінна быць безумоўна выканана. Цяпер трэба азначыць далейшыя практычныя крокі. У перадвыбарчую кампанію мы вызначаліся, што павінны зрабіць. І наша праграма, праз літаральна год пасля прэзідэнцкіх выбараў, не павінна зведаць кардынальных змен, па меншай меры, па асноўных стратэгічных момантах", — заявіў Лукашэнка.

Па яго словах, у будучай пяцігодцы Беларусь павінна застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі і прагрэсу.

З асноўным дакладам на нарадзе выступаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Лукашэнка запытаўся ў яго, што трэба рабіць, каб эканамічны рост Беларусі выйшаў на ўстойлівую траекторыю хаця б на сярэднесусветным узроўні — 2,5-3,5% у год.

"Пры гэтым не трэба даваць залішне песімістычныя ацэнкі, па інэрцыі скочваючыся на ўзровень мінулых гадоў. Ніякага песімізму!" — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі