Лукашэнка — еўрапейцам: вы хутка прыедзеце да нас вучыцца дэмакратыі

31/10/2018 - 15:04
Фота: president.gov.by

На адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Аляксандр Лукашэнка казаў пра дэмакратыю і правы чалавека.

"Нам кажуць, што Еўропа зацікаўленая ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Мінска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека".

Лукашэнка засяродзіў увагу на тым, што еўрапейская дэмакратыя фармавалася стагоддзямі, а ад Беларусі і іншых постсавецкіх краін хочуць рыўка за пару дзясяткаў гадоў. Ён лічыць, што нельга рабіць гэта скачкападобна, праз ціск, таму што вынік будзе няўстойлівы: "Таму мы ідзем шляхам эвалюцыі, а не рэвалюцыі", — лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў паназіраць, ці здолее Захад, які актыўна прасоўвае дэмакратыю, у будучыні захаваць яе.

"Давайце паглядзім, што адбудзецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо прасунутыя немцы не ацанілі ролю Меркель у сучаснай гісторыі і спрабуюць выкінуць яе на задворкі гісторыі. Паглядзіце, якія працэсы адбываюцца ў вас, на Захадзе, у дзяржавах. А вы гаворыце па-ранейшаму пра нейкую дэмакратыю, нават не спрабуючы вывучыць, якія працэсы адбываюцца тут — на постсавецкай прасторы: у той жа Расіі, Беларусі, Малдове, Украіне, Казахстане і іншых рэспубліках".

Таксама ён успомніў пра выпадак у Нарвегіі, калі Андэрс Брэйвік прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаваньне ў цэнтры Осла і напаў на моладзевы лагер кіруючай Нарвежскай рабочай партыі ў ліпені 2011 года.

"А дзе правы чалавека ў тых расстраляных у Нарвегіі (сем ці восем дзясяткаў чалавек было забіта), дзе іх правы чалавека, іх родных і блізкіх? А ён [Андэрс Брэйвік] сядзіць у трохпакаёвай кватэры і патрабуе яшчэ нейкіх правоў і прывілеяў. Можа, мы калісьці і прыйдзем да гэтага, але не сёння. Не таму, што я гэтага не разумею. Гэтага не разумеюць нашы народы, таму трэба быць больш цярплівымі і завастраць сваю ўвагу на тых праблемах, якія трэба вырашаць у імя сапраўднай дэмакратыі".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі